Вакол “Палімпсеста” пачаўся канфлікт

|

Адна з аўтарак і рэдактарка часткі выдання Наталля Сліж змясціла на своёй старонцы ў Facebook заяву:

 

У сувязі з выхадам апошняга выдання Гарадзенскага палімпсеста як рэдактарка часткі ВКЛ вымушана зрабіць афіцыйную заяву. Я не маю ніякага дачынення да прадмовы, якая змешчана ў кнізе. Аўтарам яе з’яўляецца А.Ф. Смалянчук.


Я лічу, што непрымальна змяшчэнне ў навуковым выданні, як і ў падручніку, палітычных супрацьурадавых захадаў адносна неатрымання візы А. Глагоўскай для ўдзелу ў канферэнцыі і працэсаў у Гродзенскім універсітэце. Для гэтага ёсць СМІ, афіцыйныя лісты да міністэрстваў і інш.


Даследчыкі і даследчыцы прымалі ўдзел у навуковым мерапрыемстве, а не ў палітычнай акцыі. У сувязі з апошнімі падзеямі, змяшчэнне палітычных захадаў я лічу як наўмыснае нанясенне шкоды аўтарам. Адносна ўдзельнікаў і ўдзельніц часткі ВКЛ магу адзначыць, што Палімпсест заўсёды меў першаснае значэнне як падтрымка навуковага праекту, а не палітычных рухаў. Усім я магу сказаць вялікі дзякуй. Мы разам зрабілі вялікую працу, паўтарыць якую зараз у Беларусі не здолее ніхто.

 

У сваёй навуковай дзейнасці я зыходзіла і зыходжу з інтарэсаў Беларусі. Гэта – мая краіна. Таму ні прыдворныя, ні апазіцыя, ні здраднікі, ні чорныя капацелі, ні прагнутыя, ні баязліўцы не будуць мне дыктаваць як трэба займацца даследаваннямі і арганізоўваць навуковую працу”.

 

Адмыслова для “Твайго стылю” спадарыня Наталля патлумачыла, што вымусіла яе адмовіцца ад аўтарства ў прадмове:

 

Па першае, праект “Гарадзенскі палімпсест” скончаны. Па-другое, Смалянчук і “Гарадзенская бібліятэка” выкінулі мяне з праекта. Па-трэцяе, навука павінна пазаставацца навукай. А калі чалавек змяшчае палітычныя погляды ў прадмове, ён аўтаматычна далучае да іх і аўтараў выдання”.

 

Гісторык лічыць, што выказваць свае палітычныя погляды можна публічна, у сродках масавай інфармацыі, але не ў межах навуковых праектаў. Спадарыня Сліж мяркуе, што падобныя дзеянні могуць стварыць праблемы навукоўцам, “як мы маглі ўбачыць з нядаўніх падзей”.

 

Я не хачу, каб у людзей былі праблемы, бо ўва многім дзякуючы мне яны прыязджалі ў Беларусь… Людзі з многіх краін робяць важныя рэчы для горада і трэба быць удзячным за гэта”, – дадала спадарыня Наталля. Па яе словах, тэкст прадмовы не быў узгоднены Алесем Смалянчуком з аўтарамі. На пытанне, ці будзе спадарыня Наталля сёння на прэзентацыі, яна адказала, што ніхто ёй нічога аб гэтай падзеі не казаў. 

 

Гарадзенскі гісторык і адзін з аўтараў “Гарадзенскага Палімпсеста” Алесь Смалянчук, каментуючы дзеянне калегі, лічыць, што кожны чалавек мае права на сваё меркаванне.

 

align=”left” alt=”Алесь Смалянчук” >“У прадмове няма ніякай палітыкі”, – мяркуе спадар Алесь. Непаразуменне ў адносінах з калегай навуковец патлумачыў цяжкасцю супрацы з Наталляй Сліж, яе “дзіўнымі наездамі”:

 

Я ёй зрабіў некалькі заўвагаў як рэдактар, бо яна вельмі неахайна зрабіла сваю працу, а яна лічыць, што зрабіла яе выдатна. Адгэтуль і пачалося… Яна з намі не вітаецца пры сустрэчы, не падтрымлівае кантакту”. Абагульняючы, спадар Алесь выказаў расчараванне, што Наталля Сліж не паказала такога прафесійнага росту, на які ён спадзяваўся.

 

Прэзентацыя пятага тома навуковага зборніка “Гарадзенскі Палімпсест” распачнецца сёння, 23 ліпеня, а 18 гадзіне ў галерэі “Крыга”.