У Гродне атлеты з усёй Беларусі будуць змагацца за медалі
Асноўныя спаборніцтвы будуць праходзіць на лёгкаатлетычнай арэне стадыёна “Нёман” і кідальным стадыёне ў Каложскім парку. Спартыўная хадзьба пройдзе па асфальтаванай дарозе вуліцы Камунальнай.
У Чэмпіянаце возьмуць удзел больш за 400 спартсменаў. Прадугледжаны спаборніцтвы ў асабістым і камандным заліку. У адкрытым чэмпіянаце ўдзельнічаюць не толькі зборныя каманды шасці абласцей Беларусі і Мінска, але і наймацнейшыя спартсмены з Грузіі і Расіі.
Па словах старэйшага трэнера вобласці па лёгкай атлетыцы Андрэя Бойшы, спартсмены з-за мяжы будуць удзельнічаць у асабістым заліку. Гэта дае ім магчымасць выканаць нарматыў, каб удзельнічаць у Чэмпіянаце свету.
“Наш стадыён мае добрыя ўмовы для таго, каб атлеты паказалі лепшыя спартыўныя вынікі. Спартсмены з-за мяжы прыязджаюць да нас таму, што спаборніцтвы праходзяць на высокім Еўрапейскім і сусветным узроўні”.
Усяго будзе разыграна 47 камплекты медалёў. Па выніках спаборніцтваў будзе сфарміравана зборная нацыянальная каманда, якая з 10 па 18 жніўня прадставіць Беларусь у Маскве на Чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы.
Гродзенскую вобласць на спаборніцтвах прадставяць 90 спартоўцаў. Рэальныя шанцы патрапіць на Чэмпіянат свету ёсць ужо ў шмат каго з гарадзенцаў: Наталлі Карэевай (бег 1500 м), Дзяніса Сімановіча (спартыўная хадзьба), Валерыя Светухі і Паўла Крэвіцкага (кіданне молата), Ірыны Хлюставай (эстафета 4х400 м).
Адкрыты Чэмпіянат будуць судзіць 35 суддзяў з усёй Беларусі і 35 з Гродна.