Румынія: лепш за Крым, але да Балгарыі не дацягвае

| Без катэгорыі

Беларускі турыстычны рынак у разгар сезону “пышыць” разнастайнасцю тураў. Аднак на паездку ў Румынію вырашаецца не кожны. Беларусы сюды едуць з-за гразелячэбніц або выбіраючы бюджэтны адпачынак. Да таго, каб сюды паехаць, мяне падагравала велізарная цікаўнасць: я нічога не ведала аб гэтай краіне, акрамя стэрэатыпаў пра цыганоў.


Дарога

 

Беларускія турфірмы прапануюць дабрацца да курортнай зоны з Мінску на аўтобусе, цягніку альбо на аўтобусе з перасадкай на паром, які плыве з Украіны каля 3-4 гадзін. Турысты, якія выбралі паром, былі незадаволеныя з-за доўгага часу чакання аўтобусаў іншых турфірм. Іх прыйшлося чакаць некалькі гадзін!

Я абрала паездку на аўтобусе, які прывозіць наўпрост да гатэля. Цягнік жа дастаўляе да партовага горада Канстанца, адкуль на маршрутцы прыкладна за 10-20 хвілін можна даехаць да месца прызначэння.

 

Некаторыя турфірмы прапануюць трансфер з перона вакзала да гатэля за 20 еўра (88 лей), аднак весціся на гэта не варта. З прывакзальнай плошчы да курортных пасёлкаў ходзяць маршрутныя аўтобусы, якія давязуць да месца прызначэння за 2-3 еўра (7-10 лей).

 

Курорты і турыстычны сезон

 

Курортны сезон у Румыніі для беларускіх турыстаў пачынаецца ў чэрвені і заканчваецца ў верасні. У асноўным, прапанову складаюць туры на 12 або 14 дзён.

Купіць пуцёўку можна практычна на ўсе курорты Чарнаморскага ўзбярэжжа: Эйфарые Нод, Эйфарые Суд, Мамайю, Няптун, Венус, Юпітэр, Сатурн, Алімп і Мангалію.

 

Кантынгент беларускіх турыстаў розны. У асноўным, гэта сямейныя пары і студэнты. Людзей ва ўзросце прыцягваюць гразевыя лячэбныя курорты Эйфарыі. У Эйфарыі Суд знаходзіцца салёнае возера Текіргіёл, дзе канцэнтрацыя солі ў сем разоў большая, чым у марской вадзе.

Практычна ўсё ўзбярэжжа возера занята рускамоўнымі турыстамі, якія лечаць тут захворванні касцей і скуры. Між іншым, абанемент на 10 наведванняў абыйдзецца прыкладна ў 35 еўра.

Традыцыйнае месца студэнцкага адпачынку – Косцінешці, Алімп і Мангалія. У Венусе штогод 13 ліпеня праходзіць свята электроннай музыкі Liberty Parade (на здымку), куды з’язджаецца ўся моладзь Румыніі.

Недалёка ад курортных пасёлкаў знаходзіцца партовы горад Канстанца (на здымках вышэй і ніжэй). Для мяне гэты горад застаўся ў памяці як горад кантрастаў. Нараўне з прыгожай прыродай, морам і старадаўняй архітэктурай, тут велізарная колькасць закінутых дамоў. Складваецца ўражанне, што людзям абыякава, якое ўражанне ад горада застанецца ў турыста. Калі зайсці ў прыбярэжныя раёны, можа паказацца, што горад нядаўна бамбілі.

 

Валюта, кошты і мова

 

У адрозненне ад Балгарыі, у румынскага турызму ёсць адна непрыемная для нашых турыстаў асаблівасць – румыны зусім не гавораць па-руску, а некаторыя і па-англійску. Гэта тлумачыцца тым, што на курортах Румыніі ў большасці адпачываюць толькі румынскія турысты.

 

Аднак у некаторых рэстаранах усё ж можна знайсці меню на рускай або англійскай мове.

 

Цэны на Чарнаморскім узбярэжжы Румыніі ніжэй, чым у суседніх еўрапейскіх краінах. Ёсць піцэрыі, рэстараны самаабслугоўвання і кафэ з нацыянальнай кухняй. Комплексны абед абыйдзецца прыкладна ў 4-5 еўра. У румынскіх рэстаранах можна паспрабаваць сапраўдную мамалыгу, галубцы ў вінаградных лісцях, розныя віды піражкоў і булачак з брынзай.

Курсы валют

 

Усе разлікі ў крамах і кафэ вядуцца ў леях. У некаторых месцах прымаюць еўра, але пра гэта трэба папярэдне спытаць у прадаўца або афіцыянта. У абменных пунктах па румынскім законах пры абмене валюты могуць папрасіць пашпарт.

 

Між курортнымі пасёлкамі пастаянна курсіруюць аўтобусы і маршруткі. Кошт квітка складае прыкладна 1-4 еўра ў залежнасці ад адлегласці. Пры жаданні можна з’ездзіць у дэльфінарый, планетарый або проста на шопінг у супермаркеты Констанцы. Транспарт ходзіць рэгулярна і да позняга вечара.

 

Людзі

 

Румыны – народ вельмі ветлівы. Кажуць, што яны – прыроджаныя гандляры. У кожным курортным пасёлку на вуліцах велізарная колькасць лавачак з усялякімі прысмакамі, сувенірамі і пляжнымі прыладамі.

Стваралася ўражанне, што румыны могуць схітраваць, але ніколі не падмануць. Рынкавыя гандляры дазвалялі выбіраць, чапаць, мераць, мацаць тавар мільёны разоў і ні разу за час майго знаходжання там мне не прадалі няякасны тавар. Аднак ім яшчэ далёка да Балгарыі па сэрвісе. Там не хапае разумення, што турызм можа прыносіць вялікія замежныя інвестыцыі.


Высновы

 

Наведаць Румынію варта хаця б раз, для таго, каб выкрыць стэрэатыпы. Хаця б для таго, каб даведацца крыху больш аб гэтым народзе, аб якім мы нічога практычна не ведаем. Хаця б для таго, каб параўнаць з Крымам, Балгарыяй і Егіптам. І хаця б для таго, каб бюджэтна адпачыць і разнастаіць сваю турыстычную скарбонку.

 

Здымкі аўтаркі

 

 

Глядзі ўсе падарожжы аўтараў “ТС” на нашай інтэрактыўнай мапе падарожжаў!


Глядзець Мапа падарожжаў “Твайго стылю” у вялікім памеры