Рукапісы не гараць: вайсковы шлях аднаго ветэрана

|

Выслухаўшы меркаванні бакоў, а на судзе прысутнічалі ваенны пракурор і адвакат падсуднага, трыбунал вынес наступнае рашэнне:

 

“Крэмнеў Мяркурый Фёдаравіч, 1925 года нараджэння, ураджэнец г. Масква, з рабочых, з сярэдняй медыцынскай адукацыяй, у мінулым член ВЛКСМ, у Чырвонай Арміі – з 1943 па 46 гг, у вайсках МУС-МДБ з 1946 г. Узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй”.


16 лютага 1947 г. у 20 гадзін падсудны Крэмнеў, знаходзячыся ў в. Таўзгіняны ў нецвярозым стане, зайшоў у дом грамадзянкі М. У гэты час там знаходзілася адна яе 17-гадовая дачка, якую Крэмнеў, пагражаючы зброяй, згвалціў.


Ваенны трыбунал прыгаварыў Крэмнева да пяці гадоў зняволення з адбываннем тэрміну пакарання ў папраўча-працоўным лагеры”.

Разам з гэтым ваенфельдшар пазбаўляўся звання малодшага лейтэнанта, а таксама дзяржаўных узнагарод. Ён яшчэ спрабаваў неяк апраўдацца і накіраваў у трыбунал Беларускай ваеннай акругі касацыйную скаргу, аднак безвынікова. Так закончылася кар’ера Крэмнева ў сістэме дзяржаўнай бяспекі. Адбыўшы пакаранне, ён вярнуўся ў Маскву, дзе жылі яго сваякі.

 

Напярэдадні 40-годдзя Перамогі высветлілася, што ў самым канцы вайны Крэмнеў, тады камандзір санітарнага ўзвода 54-й стралковай дывізіі, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. 13 сакавіка 1945 г. Мяркурыя Крэмнева параніла, ён апынуўся ў шпіталі, адкуль ужо пасля заканчэння вайны яго накіравалі ў падраздзяленне, дзе ён служыў раней.

 

Ордэн малодшаму лейтэнанту тады ўручыць не паспелі, затым, відавочна, паперы на нейкі час згубіліся і адшукаліся толькі праз дзесяцігоддзі. Пра тое, што з ім здарылася хутка пасля вайны, Мяркурый Фёдаравіч у ваенкамаце, зразумела, прамаўчаў. І на падставе таго, што ў ваенны час Крэмнева адзначылі ордэнам (на які ён не мог прэтэндаваць пасля рашэння ваеннага трыбуналу), 6 красавіка 1985 г. у гонар 40-годдзя Перамогі яму ўручылі ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.

 

Такім чынам, былы малодшы лейтэнант зрабіўся двойчы ордэнаносцам і паважаным ветэранам мінулай вайны. Ён уступіў у грамадскае аб’яднанне былых ваенных медыкаў Масквы, прыходзіў у школы і расказваў пра сваё гераічнае мінулае. У 2005 годзе ўрад Масквы адзначыў Мяркурыя Крэмнева памятны медалём. У тым жа годзе яго імя ўрачыста занеслі на дошку гонара расійскага сайта “Пераможцы. Салдаты вялікай вайны”.

 

Відаць, Крэмнеў цвёрда ўпэўніўся ў тым, што ніхто больш не згадае пра выпадак у воранаўскай вёсцы ў далёкім лютым 1947 года. Аднак, як вядома, рукапісы не гараць – і архіўныя дакументы таксама.