Мікола Бандарчук: “Не кожны мастак здольны скапіраваць сваю ўласную працу”
Аўтарка Бажэна Яніна Алексы жыве ў Варшаве. Яна прыехала на выставу разам з мужам, які мае беларускія карані. Спадарыня Бажэна з’яўляецца членам Таварыства мастакоў. Яна брала ўдзел у пленэрах у Пампеях, Кастэль Гандольфа, Рыме, Трэвініяна, была вядучай міжнароднага клуба мастацтва ў Брусэлі.
Мара стварыць такую калекцыю абразоў была яшчэ ў самога “Прымаса тысячагоддзя”, як называюць у Польшчы кардынала Стэфана Вышыньскага. Зрэалізаваць яе прапанавалі Бажэне Алексы на мяжы тысячагоддзяў, калі яна жыла ў Рыме.
Ініцыятыва запрасіць у госці польскую выставу належыць Станіславу Кічко, старшыні Таварыства польскіх мастакоў на Беларусі.
Выстава складаецца з копій сарака сямі цудатворных абразоў Маці Божай. Гэта і слаўная Каралева Польшчы з Яснай Гуры ў Чанстахове, і Журботная Каралева Польшчы з Ліхэня, Маці Божая Прыгожай Любові, Нястомнай Дапамогі, Міласэрнасці, Ласкавая, Каралева сем’яў, і нават Каралева цыганаў, і шмат іншых, праслаўляемых у розных кутках Польшчы.
Мастак Мікола Бандарчук расказаў, што маляваць копіі карцін вельмі цяжка, а копіі ікон яшчэ цяжэй. Гэта ён ведае на ўласным досведзе. “Не кожны мастак здольны скапіраваць сваю ўласную працу”, – упэўнены ён.
Унікальная выстава “Польскія Мадонны” для большай бяспекі з 7 жніўня пераедзе ў галерэю “Крыга”. У Фарны касцёл кожны дзень прыходзіць шмат наведвальнікаў, і служба аховы недастатковая, каб дагледзець і пільна захаваць экспазіцыю.
“Польскія Мадонны” прабудуць у Гродне да 12 жніўня, пасля чаго накіруюцца на сталы побыт у музей імя Стэфана Вышынскага ў Зузэлі (Польшча).
На выставе можна набыць каталог з выявай усіх абразоў за дабраахвотнае ахвяраванне на патрэбы касцёла.