Чаму з рэк Гарадзеншчыны знікае ласось?
Валанцёры і спецыялісты грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і літоўскія іхтыёлагі даследавалі ніжняе цячэнне ракі.
Яны ацанілі якасць вады, выявілі найбольш выгодныя для нерасту месцы і паразмаўлялі з мясцовым насельніцтвам пра правілы рыбалоўства.
“У Беларусь балтыйскі ласось можа зайсці толькі ў Вілію і нерасціцца ў яе прытоках. Ашмянка – у сваім патэнцыяле, адна з найбольш падыходзячых для нерасту рэк”, – распавяла спецыяліст АПБ Вольга Лукшыц.
Любыя забруджванні ракі арганічнымі рэчывамі, напрыклад, угнаеннямі, робяць раку непрыдатнай для ласосяў.
У апошнія гады ласось у Ашмянку не заходзіць. Не ў апошнюю чаргу з-за ўплыву сельскай гаспадаркі.
Удзельнікі экспедыцыі выявілі шэраг патэнцыйных пагроз для ракі і ласосяў.
З фермы Рымдзюны ў Астравецкім раёне ў раку сцякала забруджаная арганікай вада.
Пад кукурузнае поле ўзараны бераг ракі каля вёскі Солы Смаргонскага раёна.
З-за дзейнасці Рачунскай ГЭС вада ў Ашмянцы ўначы назапашваецца, а раніцай скідваецца.
Рэзкія перапады ўзроўню і магутная плынь вады ў часе скідаў негатыўна ўплываюць на рыбу.
Гэта толькі некаторыя факты, выяўленыя эколагамі, але і іх можа быць дастаткова для таго, каб зрабіць Ашмянку непрыдатнай для такога адчувальнага віду як ласось.
Інфармацыю пра ўсе факты парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства ўдзельнікі экспедыцыі перадалі ў тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды.
Актывісты АПБ спадзяюцца, што ўсе пагрозы будуць пераадоленыя і нераст ласося ў Ашмянцы зноў стане магчымым.
Экспедыцыя – адно з мерапрыемстваў АПБ у межах кампаніі “Захаваем ласосяў разам!”.
Пяты год эколагі дапамагаюць змагацца з браканьерамі і ствараць умовы для паспяховага нерасту ласосяў на рэках Гарадзеншчыны.
Экспедыцыя ладзілася ў межах праекта АПБ і MadPro (Літва) “Захавальнікі жывых рэк: удзел грамадскасці ў захаванні дзікага балтыйскага ласося ў Беларусі і Літве”.
Паводле http://www.ptushki.org