У “сталіцы будматэрыялаў” адсвяткавалі Дзень будаўніка

| Без катэгорыі

Прафесія будаўніка сёння адна з найлепш аплачваемых. У Краснасельскім яна набірае асаблівага кшталту. Тутэйшыя апавядаюць, што большасць мясцовых школьнікаў на пытанне: “Кім ты хочаш стаць?” без ваганняў адказвае: “Хачу працаваць на заводзе”. На якім – зразумела без тлумачэння.

Вось у гэтае месца трапіла карэспандэнтка “Твайго Стылю” падчас святкавання.

Здалёк было бачна гасцей з Чэхіі – перасоўны парк атракцыёнаў, з якога даносіліся воклічы: магчыма ад захаплення, магчыма ад жаху. Чэргі засмакаваць адрэналіну толькі павялічваліся.

Поруч расцягнуўся шэраг гандлёвых намётаў: вырабы народных майстроў, забаўкі для дарослых і дзяцей, прысмакі.

Тут жа – прапановы спраўдзіць сябе ў спрытнасці, трапнасці ды моцы. “Ускарастайся да вяршыні лесвіцы і стань багатым!”, “Пратрымайся на турніку дзве хвіліны і атрымай пяцьсот тысяч рублей!” – заахвочвалі надпісы. Чамусьці лёгкія на першы погляд выпрабаванні даваліся ўдзельнікам з цяжкасцю. Нам не давялося пабачыць ніводнай удалай спробы.

Дакументальныя фотаздымкі з жыцця прадпрыемства і працаўнікоў завода розных гадоў можна было пабачыць на фотавыставе “Гістарычныя замалёўкі”.

 

Філіялы акцыянернага таварыства прадставілі на выставу свае кампазіцыі з прыродных матэрыялаў, якія адлюстроўвалі спецыфіку іх працы. Сярод працаў была мадэль Зямлі з пазнакай Краснасельскага і шляхоў рэалізацыі будматэрыялаў, мадэль энэргетычнай сістэмы завода, ды наяўная дэманстрацыя здабывання сыравіны для вырабу будматэрыялаў у пясочніцы.

 

Увечары зоркі беларускай эстрады зладзілі вялікі канцэрт. Першай заблішчэла на сцэне Алёна Ланская. Далей – Саша Нэма, група “Лялькі карпарэйшн”, ансамбль “Чараўніцы”, тэатр цыганскай песні “Рунь”…

 

Канцэрт даводзілася глядзець пераважна пад парасонамі ды іншымі схоўкамі ад дажджу. Галоўныя госці вечару Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч напрыканцы канцэртнай праграмы ўвогуле выклікалі страшэнную залеву. Але святкуючым гледачам надвор’е не перашкаджала –  хтосьці адыходзіў дадому, але яшчэ больш людзей прыходзіла.

 

Вялі канцэрт карэспандэнты тэлеканала “АНТ” Марыя Лемешава і Іван Вабішчэў (Дзядзя Ваня).

 

Закончыўся суботні вечар святочным салютам і дыскатэкай.

У нядзелю святкаванне завяршылася выставай народных умельцаў у разьбе па дрэве, бісерапляценні, вышыўцы ды сумесным канцэртам артыстаў беларускай эстрады і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Краснасельскага завода будматэрыялаў.