Вайна і мір братоў Грынеўскіх

|

Пра Мікалая, які ваяваў з немцамі ў складзе Войска Польскага яшчэ ў 1939 г., і на сённяшні дзень няма ніякіх звестак. Наконт Івана да яго сваякоў у канцы вайны прыйшло афіцыйнае паведамленне пра гібель салдата. Аднак, у час пераездаў пахавальная кудысьці згубілася. Зніклі таксама франтавыя лісты і паштоўкі.

 

Дачка Уладзіміра Грынеўскага, Надзея Уладзіміраўна Савіцкая, імкнулася знайсці хоць якія-небудзь звесткі пра братоў бацькі, але безвынікова. Я адшукаў некаторыя архіўныя дакументы, што датычыліся ваеннага лёсу Уладзіміра і Івана Грынеўскіх. Звязаўся з Надзеяй Уладзіміраўнай, якая зараз жыве на станцыі Юрацішкі Іўеўскага раёна, і паабяцаў ёй прывезці адпаведныя копіі.

 

Магчымасць прыехаць у Юрацішкі ў мяне з’явілася праз некалькі месяцаў пасля тэлефоннай размовы. Цёплым жнівеньскім вечарам я стукаюся ў дзверы акуратнага вясковага доміка, пафарбаванага ў яркі жоўты колер.

 

Надзея Уладзіміраўна сустракае мяне на парозе. Для сваіх 73 гадоў выглядае бадзёра, рухаецца энергічна.

 

Я тут сякі-такі рамонтраблю, так што выбачайце за непарадак”.


У пакоі, куды мы заходзім, ціха і ўтульна, пасярэдзіне – круглы стол, за які мы сядаем. Я дастаю архіўныя паперы і расказваю, пра што давялося даведацца.

Уладзімір Грынеўскі і яго брат Іван у канцы красавіка 1945 г. ваявалі ў Берліне, але ў розных вайсковых частках. Іван загінуў на вуліцах германскай сталіцы 29 красавіка, а Уладзіміра параніла на наступны дзень. А 6 траўня ён атрымаў другое раненне, больш цяжкае. Камандаванне за два гэтыя раненні вылучыла салдата да дзяржаўнай узнагароды. 7 ліпеня 1945 г. Уладзімір атрымаў медаль “За адвагу”.

 

Івана крыху раней, 23 лютага, адзначылі медалём “За баявыя заслугі”. Ён быў бездакорным сувязістам, неаднаразова выходзіў на лінію пад нямецкім агнём. Я паказваю яго імя ў спісе ўзнагароджаных.

 

Надзея Уладзіміраўна доўга перабірае архіўныя паперы, праз акуляры ўглядаецца ў тое, што там напісана.

 

Івана спачатку пахавалі ў берлінскім раёне Цэлендорф, зараз гэта такі ўтульны кавалак горада для заможных, але пасля перазахавалі ў Трэптаў-парк. Там ён і ляжыць”, – удакладняю я.

 

Наш бацька быў майстрам на ўсе рукі, – пасля паўзы гаворыць Надзея Савіцкая. – Мы, дзеці, так яго чакалі. Памятаю, ужо і перамогу аб’явілі, і палова лета прайшла, а яго ўсё няма. Мы ж не ведалі, што ён паранены. Да канца жыцця так і хадзіў – адна куля ў руцэ, а другая – у лёгкім. Аднак па гаспадарцы ён усё рабіў, быў столярам, шаўцом. Вось гэту хату пабудаваў”.


“Нам вельмі пашанцавала, што бацька вярнуўся, – працягвае гаспадыня. – Мы ў вайну так нацярпеліся. Жылі непадалёку адсюль на хутары, і амаль кожны вечар хтосьці ў хату ламіўся.Тут партызаны стаялі ў лесе, побач у вёсцы – нямецкі гарнізон, тут – “самаахоўцы”.


І ўсе есці хочуць. А ў каго ўзяць? У простага селяніна, зразумела. Дык, ведаеце, у нас сабачка такі разумны быў, на розных “гасцей” па-рознаму гаўкаў. Мы, яшчэ нікога не бачачы, ужо ведалі, хто ідзе, ці немцы, ці партызаны”.


Надзея Уладзіміраўна далей расказвае пра сваё нялёгкае пасляваеннае жыццё. Гаворыць пра тое, як, паспяхова закончыўшы сярэднюю школу, хутчэй пайшла працаваць, каб дапамагчы сваёй сям’і. Болей нідзе не вучылася, аднак увесь час займалася самаадукацыяй, працавала бухгалтарам і загадчыцай склада. Надзея Уладзіміраўна з гонарам дэманструе свой школьны атэстат: глядзіце, ніводнай “тройкі”.

Пра сваё асабістае жыццё яна распавядае, нічога не хаваючы:

 

З мужам мы распісаліся ў 1962 годзе і пражылі разам сорак адзін год. Па-рознаму яно выходзіла. Некалькі разоў ён ад мяне сыходзіў да іншых кабет. Толькі кожны раз затым вяртаўся” – “І вы яму гэтыя паходы даравалі?” – “Так, даравала. Жанчына павінна быць мудрай. А жыццё прабегла непрыкметна. Ён паехаў у Іўе ў паліклініку і раптоўна памёр на аўтобусным прыпынку. Сэрца прыхапіла”.


Так Надзея Уладзіміраўна засталася ў сваёй хаце адна. Дзве дачкі яе выраслі і раз’ехаліся. Адна цяпер жыве ў Нарвегіі і з’яўляецца грамадзянкай гэтай краіны, другая – у Грэцыі. Чым займацца на пенсіі, такое пытанне перад Надзеяй Уладзіміраўнай не паўстае. Вясной засявае агарод, трымае курэй і кабанчыка. Летам, калі на падворку ўсё зроблена, ідзе ў лес па грыбы і ягады.

 

З агародам, праўда, выйшла такая прыгода. Раптам адпаведныя службы высветлілі, што на яе прысядзібным участку на пяць сотак болей зямлі, чым “паложана”. Паабяцалі прыйсці і адрэзаць.

 

Куды ж яны гэты кавалак зямлі дзенуць?” – Хто яго ведае, пустыр, пэўна, будзе”.

Наша размова доўжыцца ўжо досыць часу. Пара збірацца. На развітанне Надзея Уладзіміраўна просіць, каб я пашукаў цяпер звесткі пра Мікалая.

 

Ведаеце, за гэтыя пасляваенныя гады нам ніхто ні з ваенкамата не званіў, ні з ветэранскай арганізацыі. Мы нават не ведалі, што Івана ўзнагародзілі медалём”.

 

Я паабяцаў, што буду шукаць.