“Горад Святога Губерта” сабраў цікавосткі пра часы паўстання
Аўтары зборніка распавядалі пра свае тэксты, звязаныя акурат з паўстаннем 1863 года ў гісторыі Гродна. На прэзентацыі можна было пачуць невялікія анатацыі пра закранутыя тэмы смяротнага пакарання, удзелу медыкаў у паўстанні, магчымы выгляд Фары Вітаўта, а таксама цікавосткі пра тое, як лавілі Каліноўскага і тое, што англійскі святар мог быць замежным шпіёнам.
Вячаслаў Швед, гісторык і аўтар зборніка:
“У маім артыкуле напісана сціслей, чым я мог бы напісаць. Але на той момант гэта было тое, што я мог аддаць у друк. На сённяшні дзень у мяне ўжо сабраны больш вялікі і багаты матэрыял.
На маю думку, зборнік “Горад Святога Губерта” вельмі цікавы. У ім друкуюцца як маладыя, так і ўжо дасведчаныя гісторыкі. Там находзяць адлюстраванне розныя погляды моладзі і тых, хто піша, маючы метадалогію старога выхавання і адукацыі”.
У альманаху змешчаны тэксты такіх гарадзенскіх краязнаўцаў і гісторыкаў, як Ігар Лапеха, Алесь Радзюк, Алесь Кайрыс, Фёдар Ігнатовіч, Алесь Крой, Іван Буднік і Уладзімір Хільмановіч.
У зборніку упершыню друкуюцца артыкулы нямецкага гісторыка Фелікса Акермана пра ролю Элізы Ажэшкі ў памяці Гродна. Яго пераклала з нямецкай мовы Вольга Сабалеўская.
Таксама ў зборніку змешчана рэцэнзія на кнігу “Гродназнаўства” гісторыка з США Барыса Клейна. На старонках выдання можна пазнаеміцца і з прапанаванымі варыянтамі рэканструкцыі Старой гарадской Ратушы і апісаннем Каложскай царквы 1905 года французскага даследчыка Жозэфа дэ Бае.
На прэзэнтацыі адзін з аўтараў, Андрэй Вашкевіч, расказаў пра апублікаваны фрагмент кнігі брытанскага святара Фартэск’ю Андэрсана пра яго побыт у гарадзенскай турме ў верасні 1863 года ды пра магчымую сустрэчу святара з Каліноўскім. Да гэтага кніга ніколі не друкавалася па-беларуску.
Пра свае тэксты ў альманаху расказаў і краязнаўца Ігар Лапеха. Ён таксама прадэманстраваў свой макет меркаванага выгляду Фары Вітаўта ў стылі італійскага рэнесансу.
Віктар Кірэеў, экскурсавод:
“Праведзена вялікая і карысная праца. Менавіта гэтыя аспекты гісторыі горада не закраналіся раней. Ці закраналіся, але вельмі мала. Напрыклад, пра Ажэшку шмат чаго напісана асабліва польскім бокам, але беларускі погляд на яе спадчыну таксама вельмі важны.
Гэты зборнік вельмі актуальны ў сувязі з тым, што улада не жадае адзначаць 150-годдзе паўстання Каліноўскага. Аднак наша грамадскасць і навуковыя колы адзначаюць”.
Прэзентацыя адбылася ў межах Гарадзенскага Еўрапейскага клуба.
Здымкі Яна Лялевіча