Фестываль фальклору пройдзе ў Квасоўцы

|

31 жніўня з 12.00 гасцей свята чакае праца традыцыйных беларускіх падворкаў, выстава-кірмаш, конкурс беларускіх народных страў і майстар-клас традыцыйных рамёстваў.

 

Разам затанчыць ды пагуляць абяцае Суполка традыцыйнай культуры (Гродна) і капэла “На таку” (Мінск), які арганізуюць невялікую этнавечарыну па побытавых танцах Гарадзеншчыны.

 

Далей удзельнікаў чакае фальклорная праграма ад калектываў гарадзенскага раёна. Бліжэй да вечару выступяць госці фестывалю: Народная фальклорная група “Вяргіня” (Шчучынскі раён), Узорны фальклорны ансамбль “Верабейкі” пад кіраўніцтвам Сяргея Выскваркі (Любань, Мінская вобласць).

Выступіць таксама гурт дударскай музыкі і этнічных спеваў “Ветах” Пад кіраўніцтвам Вячаслава Калацэя і Таццяны Пладуновай (Мінск).

У другі дзень адбудзецца конкурс фальклорнай творчасці “Адвечная спадчына”. Удзельнікі розных узростаў пазмагаюцца ў намінацыях: народныя спевы (сольныя і гуртавыя), побытавыя танцы і народныя казкі ды байкі.

 

Арганізатары фестывалю – Гродзенскі раённы выканаўчы камітэт, Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Гродзенскі раённы метадычны цэнтр народнай творчасці і культасветработы – шчыра запрашаюць акунуцца ў свет беларускай традыцыі.