Вясельнае падарожжа па Беларусі. Частка І: фестывалі
Куды паехаць у падарожжа пасля вяселля? Ну, пэўна, Егіпет, Грэцыя, Чарнагорыя, альбо калі фінансы не зусім дазваляюць, класічна – Крым! Там сапраўды прыгожа, але ў большасці выпадкаў мы проста не ведаем той прыгажосці, якая вакол нас – у Беларусі.
Напачатку лета мы, Антон і Наста Янкоўскія, хіба больш вядомыя чытачам як вытворцы беларускай настольнай гульні “Паўстанцы”, згулялі вяселле ў беларускіх традыцыях. Адразу ж вырашылі, што вельмі трапна было бы правесці свой мядовы месяц, блукаючы па мясцінах роднай Беларусі.
Гэты патрыятычная ідэя перарасла ў займальнае падарожжа. За два тыдні не атрымалася аб’ехаць усю краіну, нават з запланаванага часам даводзілася нечым ахвяраваць. Але за гэты перыяд мы нібы пабачылі Беларусь па-новаму. У невялікім цыкле артыкулаў хацелася б падзяліцца сваімі ўражаннямі і парадамі, зацікавіць і заклікаць перад тым, як вандраваць па замежных краінах – пазнаёміцца са сваёй зямлёй.
Вандраваць можна пешшу, аўтаспынам, аўтобусамі, можна нават з турфірмамі, а варыянт, які абралі сабе мы – на аўтамабілі. Зручна тым, што з сабой можна ўзяць шмат рэчаў, мабільна рухацца, спыняцца ў любым месцы і ў любы час, а ў выпадку форс-мажора – нават ночыць у транспартным сродку.
Такім чынам мы селі ў сваё Пежо 206 – і рушылі!
З чаго пачаць падарожжа? Выбар вялікі. Мы для сябе вырашылі пачаць з фестывалю, зрэшты, фестывалем і скончылі сваю двухтыднёвую вандроўку. Выбіраючыся ў падарожжа, пазнаёмцеся з афішамі. Цяпер у Беларусі летам ладзіцца вялікая колькасць канцэртаў, фестываляў, вечарын на розны густ. Гэта добры момант, каб зрабіць прыпынак сярод вандроўкі.
Сямейны фестываль пад ліпамі
Мы пачалі сваё падарожжа з “Фестывалю пад ліпамі”, які на сваім хутары Вайцюшкі, што на Нёмане пад Наваградкам, ладзіў спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Фестываль бардаўскай песні і беларускага шансону пакінуў станоўчыя ўражанні.
Калі звычайна мерапрыемствы вымяраюцца колькасцю прысутных людзей, то дадзеную імпрэзу варта вымяраць колькасцю прыехаўшых сем’яў. Гасцямі фестывалю сталі сем’і з дзецьмі, маладыя пары, ды і для нас стала сімвалічным у сваё вясельнае падарожжа пачаць з Вайцюшкоў.
Самым складаным на гэтым фэсце быў даезд. Дабірацца да хутара трэба грунтавымі і ляснымі дарогамі, асаблівых знакаў накірунку няма. Але гэтую дробязь хутка з’ядае настрой фестывалю. Ужо на ўездзе гаспадар Зміцер сустракае гасцей, знаёміць з хутарам і раздае дыскі беларускага шансона ад Хведара Шчавеля (для тых хто не ведае – псеўданім Вайцюшкевіча).
“Калі часам музыка не спадабаецца, – жартуе спявак, – перадайце мясцовым маршрутчыкам!” Забягаючы наперад, магу зазначыць, што песні прыйшлі нам так да спадобы, што кожны новы дзень падарожжа мы пачыналі з вясёлых песенак з гэтага дыска.
Ставім намёт у садзе, пераапранаемся ў строі і ідзем да імправізаванай сцэны, якая зладжана на мансардзе хаты. Тут ужо за сталамі, на лавах, на дыванках збіраюцца людзі. Першым выступае Алесь Камоцкі, які радуе сваімі перакладамі, сярод якіх ёсць нават “Мурка” па-беларуску. Потым гітару бярэ Зміцер Бартосік. Некалькі разоў на сцэну падымаецца гаспадар з прэзентацыяй беларускага шансону і выкананнем класічных твораў свайго рэпертуару.
Пад вечар радуе сваімі незвычайнымі песнямі Андрэй Мельнікаў, які сваімі творамі, выглядам і паводзінамі нагадвае Мамонава. Другі дзень фестывалю працягваецца паўторным выступам вышэй узгаданых бардаў, да іх дадаецца наш гарадзенец – Віктар Шалкевіч, які дадае ў фестываль гумару і артыстызму.
Слухаючы бардаў, можна было пакаштаваць смачнай юшкі, а таксама прагуляцца на Нёман, які ў тых мясцінах можна перайсці ў брод. Да ракі з хутара далятаюць спевы – і разумееш: вось ён адпачынак на свежым паветры.
З фестывалю мы рушылі далей ў падарожжа, але пакуль аўтамабіль не крануўся з месца, хацелася б расказаць некалькі цікавостак з першых дзён падарожжа. На фестываль мы падвезлі Андрэя Мельнікава, які да Вайцюшкоў дабіраўся спынам. Цяпер у машыне ляжыць дыск з аўтографам. А Вайцюшкевіч, у салідарнасць з намі, апрануў беларускую кашулю, такім чынам на фестывалі ў народных строях былі мы ды гаспадар.
Вандроўка ў этнаказку
Два тыдні вандроўкі па Беларусі, шчыра кажучы, выматалі. Нам заставаліся апошнія дні падарожжа – і вялікі спіс мерапрыемстваў, якімі можна было скончыць вандроўку. Пасля доўгіх і цяжкіх разваг, спыніліся на “Вандроўцы ў этнаказку”, якая праходзіла ў Гудзевічах і Гродне.
Гэты фестываль фальклору парадаваў сваімі правільнымі крокамі ў бок развіцця традыцыйнай культуры. Горад майстроў, выстава гарадзенскіх рушнікоў, ткацкія станкі – вакол прываблівала ўсё. Адно толькі, продаж усялякай кітайскай лухты крыху напружваў. Асабліва, калі ты бачыш хлопца гадоў 10 у народным строі і… з маскай з фільму “Крык” на галаве.
З вялікім задавальненнем паслухалі выступы старых бабуль. Таксама нас пакарылі сваімі спевамі і танцамі польскія калектывы з Сувальшчыны. Вось такога ўзроўню нам трэба дабівацца ў працы з фальклорам, таму што “жанчыны ў какошніках” гэта мінулы час, якому варта застацца ў савецкім перыядзе гісторыі.
На жаль, з фестывалю з’ехалі раней, і не змаглі пабачыць, так сказаць, хэдлайнераў. Затое з імі мы сустрэліся на другі дзень ля сцен гарадзенскага Новага замка, дзе працягнуўся фэст. Ад многіх людзей чуў добрыя водгукі пра мерапрыемства. Сапраўды, нарэшце, нешта ў нашай культуры мяняецца. Няхай жа яна ў такім напрамку рухаецца і далей!
Тут, ля Новага замка, пад “Альтанку” мы на гарышчы назіралі за захадам сонца, танчылі пад PAWA, глядзелі як цені на сценах танчаць пад музыку Irdorath – і расказвалі сваім сябрам пра наша вясельнае падарожжа па Беларусі. Хутка і вам таксама раскажам!
Больш фотаздымкаў можна паглядзець на ЖЧ аўтара jankouski.livejournal.com.
Што адбывалася паміж фэстамі? Дзе акрамя Нясвіжа ёсць палацы Радзівілаў? Ці Серабранка гэта толькі спальны раён у Мінску? Пра ўсё гэта ў наступных частках “Вясельнага падарожжа па Беларусі”. | ||