Юры Гардзееў: “Пачаткова імя нашага горада гучала як Городен, і гэта быў хутчэй прыметнік”

|

ТС: Якая галоўная ідэя кнігі?


Ю.Г.: Змяніць спосабы мыслення гісторыкаў і чытачоў.

Таму гэтую кнігу трэба патрактаваць як спробу гістарычнага дыскурсу, які аналізуе культуру горада праз прызму сукупнасці моўных узаемадачыненняў гарадской супольнасці.

 

Звярну ўвагу на тое, што ў другой палове ХХ ст. у навуцы адбыўся так званы лінгвістычны паварот, які праяўляўся ў засяроджанні ўвагі на пошуках новых інтэрпрэтацый крыніц ці аналізе тэксту, якім у нашым выпадку быў свет уласных імёнаў даўняга горада.

 


У кнізе асноўным стрыжневым тэрмінам з’яўляецца ўрбанонім

 

Так. Для абазначэння назваў аб’ектаў унутрыгарадской прасторы ў навуцы ўжываецца тэрмін урбанонім. Але трэба памятаць, што ў гэтае паняцце ўваходзяць не толькі найменні вуліц ці плошчаў. Гэта і назвы пляцаў і агародаў, культавых аб’ектаў, будынкаў грамадскага прызначэння ці прыватных сядзіб, трактаў і г.д.


А калі ўвогуле пачалі з’яўляцца назвы вуліц у нашым горадзе?


Гэта сапраўды вельмі цікавае пытанне. Упершыню яны фіксуюцца ў крыніцах XVI ст. Аднак нельга выключыць, што яшчэ ў XV ст. у горадзе магла быць запачаткавана вусная традыцыя намінацыі.


Ці ў такім разе можна казаць аб міждысцыплінарнасці кнігі?

 

Так, на першы позірк яе змест можа падацца складаным. Шмат малавядомых, вузкаспецыялістычных тэрмінаў.

Аднак, аналізуючы ўласныя імёны, трэба памятаць, што гэта не толькі геаргафічныя аб’екты, але і лінгвістычныя адзінкі. Таму кніга мае міждысцыплінарны характар. А яе спецыфічнае бачанне можна ў пэўнай ступені суаднесці з кірункам альтэрнатыўнай гісторыі ці гісторыяй менталітэту.

 

Узнікненне ж кожнага ўласнага імя было абумоўлена акрэсленнем і патрэбамі гарадской супольнасці, яе светаўспрыманнем, вынікала з паўсядзённага досведу гараджан.


Як выглядала эвалюцыя назвы горада?

 

Імя нашага горада не было стабільным. Пачаткова яно гучала Городен. Пры чым хутчэй за ўсё гэта быў не назоўнік, а прыметнік.

 

Недзе ў ХІІІ ст. найменне трансфармавалася ў Городно. Невядома толькі, як гэту назву трэба вымаўляць? Дзе павінен быць націск?

 

Арфаграфія старабеларускай мовы не прадугледжвала фанетычнага прынцыпу правапісу. Г.зн. пісалася не так, як чулася. Адсюль гэта магло быць і Гародна і Горадна. А у некаторых крыніцах XVI ст. сустракаецца выраз: въ Городни. Адсюль – назва горада, у залежнасці ад націску, магла гучаць Гародня ці Горадня.

 

Цікава, што ў час вайны з Расіяй XVII ст. у рускім справодстве пісары ўжывалі форму: Гродня, Гродна, а план горада 1795 г. быў названы Планъ города Гродни. Такім чынам, ва ўсходнеславянскіх мовах назва горада стабільнасцю не вылучалася.


А што з Нёманам?


Нёман – паходжанне назвы да канца не высветлана. Таму я абмежаваўся гістарыяграфічным аглядам.


Усё ж такі, якога паходжання назва ракі?

 

З сярод найбольш вядомых тэорый трэба вылучыць фіна-угорскую, балцкую і славянскую канцэпцыі. Хаця больш верагоднымі падаюцца дзве першыя.


Ці тэму эвалюцыі даўніх гарадзенскіх тапонімаў можна лічыць вычарпанай?

 

Не. Мяркую, што кніга – гэта толькі пачатак. Я абмежаваўся ранейшымі напрацоўкамі 90-х гадоў ХХ ст., на аснове якіх паспрабаваў зрабіць сінтэтычны аналіз. Перад даследчыкамі – захаваныя акты земскага і гродскага суда XVI-XVIII стст. ды іншыя крыніцы.


Якія фактары ўплывалі на працэс фарміравання ўрбанонімаў?

 

Абсалютна розныя. Ад прыродных умоў аж да характарыстычных рыс структуры соцыуму. Напрыклад, з’яўленне вуліцы Аліскоўскай трэба звязваць з Алішковічамі, а Гарбарская сведчыла аб гарбарах.


Гэта азначае, што ў даўнія часы прынцыпу абстрактнай называння артэрый адсутнічаў?

 

Не зусім так. Гарадзенскаму соцыуму ў аналізуемы час былі ўласцівыя абстрактныя сімвалы.

 

У дадзеным выпадку можна казаць аб паняцці памяці гарадской супольнасці, аб чым сведчыць назва Траецкая вуліца. Назва з’яўляецца тады, калі аб’ект, дакладней касцёл св. Тройцы, ужо не існаваў. А памяць аб ім надалей у горадзе захоўвалася.

 

Мабыць таму ўласныя назвы – гэта таксама своеасаблівыя сімвалічныя знакі, культурныя артэфакты горада. Адсюль, у пэўнай ступені, манаграфія мае культуразнаўчы акцэнт.

 

     
 

Гісторык Юры Гардзееў нарадзіўся ў Гродне ў 1967 г. У 1991 г. скончыў гістфак ГрДУ імя Янкі Купалы. У 1988-1992 гг. працаваў мастацтвазнаўцам у гарадзенскіх майстэрнях інстытута “Белспецпраектрэстаўрацыя”. У 1993-1995 гг. – выкладчык кафедры беларускай культуры ГрДУ.


У 1996-1999 – аспірант Педагагічнай акадэміі ў Кракаве (Польшча). У 2000 г. абараніў дысертацыю “Гародня ў XVIII ст. Даследванні над асваеннем гарадской прасторы, адносінамі ўласнасці і гарадскім насельніцтвам”. З 2005 г. – ад’юнкт Інстытута Расіі і Усходняй Еўропы Ягелонскага ўніверсітэта.


У 2011 годзе абараніў габілітацыю па тэме: “Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у часы Чатырохгадовага Сойма (1789-1792)”.


Галоўныя накірункі даследванняў:  гісторыя беларускіх гарадоў, сацыяльна-эканамічная і культурная гісторыя Гродна, рэформы мясцовага самакіравання ў ВКЛ у другой палове XVIII ст. У 2008 годзе ў “Гарадзенскай Бібліятэцы” пабачыла свет кніга Юрыя Гардзеева “Магдэбургская Гародня”.