Футбол без расiзму! “Fans cup” стартаваў у Гродне
На жаль, у чарговым розыгрышы кубка не прымае ўдзелу чэмпіён мінулага турніру, каманда “Il Bisonte Grodno” (Мілан). Каманда знялася незадоўга да старту турніру і прычын вырашыла не агалошваць.
Спаборніцтвы пройдуць у сем тураў. Але ўжо першы тур паказаў, што каманды старанна падрыхтаваны і настроены толькі на перамогу. У першых матчах мы назіралі за жорсткай барацьбой.
Напрыклад, у матчы “Grodno Reds” (фанаты Манчэстара) i мадрыдскага Рэала можна было назіраць за добрым футболам, на які сабралася прыстойная колькасць людзей. Чэмпіёны першага і фіналісты другога “фанс капа” не здолелі сёння абгуляць сваіх “іспанскіх” калег і прайгралі з лікам 8-7.
Гэтаксама варта адзначыць і пачаткоўцаў турніру – каманду “Барселоны”. У першым туры “каталонцы” абыгралі аб’яднаную каманду “Эвертан і Рэйнджэрс” з лікам 2-1.
Усе фанаты паказваюць на полі, як трэба адстойваць гонар любімага клуба, таму большасць матчаў пройдзе ў атмасферы ўпартай барацьбы.
Галоўная мэта мерапрыемства – развіццё фан-клубаў, знаёмства паміж сабой і разбурэнне негатыўных стэрэатыпаў аб фанатах, а галоўнае – футбол без расiзму!
Усе мерапрыемствы турніра расцягнуцца на паўтары месяцы. Сем каманд ад пачатку і да канца будуць бiцца, каб здабыць ачкі. Камусьці пашанцуе, а камусьці не: у канцы турніру мы даведаемся, хто будзе чэмпіёнам Гродна.
За турнірам будуць сачыць не толькі ў нашым горадзе і краіне, але і за мяжой: у Англіі, Італіі, Даніі і г.д. Гэтаксама ёсць цiкавасць у краінах СНД. Для замежных заўзятараў будзе весціся прамая тэкставая трансляцыя кожнага матчу.
Гульні праходзяць у выходныя дні на палях са штучным пакрыццём універсітэта ім. Янкі Купалы. Назіраць за вынікамі матчаў і ходам турніра можна на старонцы Укантакце.