Вясельнае падарожжа па Беларусі. Частка ІІ: вядомыя і невядомыя Радзівілы

| Без катэгорыі

Нясвіж і Паланечка

 

Пэўна, ужо з загалоўка ў многіх ўзнікае пытанне: што за Паланечка? Гэта невялікая вёсачка, у якой месціцца палац Радзівілаў. Нечакана? Кожны пэўна быў у Нясвіжы, гуляў па парку, хадзіў па пакоях замка, але пра Паланечку мог ніколі і не чуць.

Мы падчас свайго падарожжа завіталі ў Нясвіж, тым больш, што сустракалі нас там прама з “хлебам і соллю”. Тут мы былі не аднаразова, таму горад асабліва не ўразіў, але парадаваў прыемнай вячэрняй прагулкай па парку. А раніцай нам нават пашчасціла пабываць на бескаштоўнай экскурсіі па пакоях замка. Можна, пэўна, доўга спрачацца, з якіх матэрыялаў і наколькі правільна аднавілі Нясвіжскі замак, але прагулка па пакоях пакідае прыемнае пачуццё годнасці – шыкоўныя пакоі, прыгожыя, велічныя.

Але мала хто ведае, што зусім недалёка ёсць яшчэ адзін палац Радзівілаў: помнік архітэктуры класіцызму канца XVIII пачатку XIX стагоддзя які на вачах развальваецца і парастае баршчэўнікам. Пра яго мы даведаліся з кнігі “Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва Беларусі” В.А. Чантурыя.

З гэтай кнігай здарылася кур’ёзная сітуацыя. Выйшла яна ў далёкім 1986 годзе і там напісана, што ў палацы месціцца дзіцячы дом. Мы ўжо рыхтаваліся да таго, каб прасіцца на тэрыторыю, як раптам сустрэлі разваліны… Сцены і дах захаваліся ў добрым стане, а вось усярэдзіне ўсе развалена, вокны забітыя, толькі плітка старая яшчэ цэлая на падлозе.

Пахадзілі па будынку. Яго пакоі і актавая зала нават у разбураным стане ўражвалі. І станавілася так шкада, што хутка гэтага помніка архітэктуры можа не стаць, у той час пакуль усе захапляюцца Нясвіжам.

Злева можна пабачыць і ацаніць памеры баршчэўніка ў Паланечцы

 

Акрамя гэтага ў Паланечцы ёсць цудоўны драўляны касцёл 1899г.

 

Мір

 

Прыпыніліся ў Міры на пару хвілін. Гэта яшчэ адна з візітовак краіны. І тут людзей вялікая пройма: турысты з розных краін, беларусы рознага ўзросту. Адно дрэнна: усе мітусяцца, натоўпамі навокал ходзяць, чэргі за марозівам і блінамі.

З аднаго боку, гэта вельмі добра, што нашы замкі маюць такую папулярнасць, а з іншага, блукаючы па замках, мы зусім не ведаем, што ў пару дзясятках кіламетраў маюцца не менш цікавыя і каштоўныя помнікі архітэктуры.

 

Гальшаны

 

Яшчэ адзін з замкаў, які мы спаткалі на сваім шляху. На сённяшні дзень на шыльдзе так і напісана – “руіны замка”. Пахадзілі, звярнулі ўвагу, што ідзе зачыстка руін, паўсюль ляжаць насыпы цэглы. Пачыталі сумную гісторыю, што спачатку нейкі расійскі генерал узрываў замак і расцягваў на цэглу, а пазней савецкія ўлады з гэтай цэглы будавалі сабе кароўнікі.

Руінаў замкаў альбо замчышчаў на тэрыторыі нашай краіны маецца шмат, але мы паехалі далей, бо акрамя замкаў наша спадчына багата на іншыя, не менш цікавыя помнікі архітэктуры.

 

     
  Першую частку серыі “Вясельнае падарожжа па Беларусі”, прысвечаную фестывалям, чытай тут. Працяг будзе!