Віктар Літвінюк: Мэта выставы – папулярызацыя гісторыі

|

Гэтую серыю работ майстар ствараў на працягу года. Нягледзячы на тое, што мастак маляваў амаль кожную ноч з 10 гадзін вечара да 3 гадзін ночы, праца не адбілася на зносінах з сябрамі, адпачынку і занятках спортам.

Па словах Віктара Літвінюка (на фота), пасылам да выставы паслужылі словы гарадзенскага мастака Аляксандра Ларыёнава.

 

– Ён казаў: “Ты пачаў сваю выставу з дыпломнай працы “Кронан” і ты павінен яе працягнуць. Калі-небудзь я напішу кнігу, і твае працы стануць да яе ілюстрацыямі”. Сваё абяцанне я выканаў.

Экспазіцыя прапануе цікавае гістарычнае падарожжа праз час і прастору ў недалёкае мінулае Гродна. Усяго на выставе прадстаўлена 19 манахромных работ. Работы зробленыя ў стылі графікі простымі матэрыяламі: тушшу, пяром і акварэллю.

 

– Выстава “Кронан (ХХ ст.)” прысвечана гісторыі Гродна. Менавіта ХХ стагоддзе стала галоўным сімвалічным выдыхам перад пачаткам трэцяга тысячагоддзя. У маіх працах паказаны знакамітыя асобы, а таксама ўвасоблены гарадскія легенды і гісторыі.


Таксама ХХ стагоддзе рэзюмавала ўсю гісторыю нашага горада, падсумавала шмат розных напрамкаў і стыляў. Зараз новае тысячагоддзе, і горад набірае поўныя лёгкія паветра.

На думку аўтара, менавіта ХХ стагоддзе стала вырашальным у гісторыі горада. Праз свае карціны Віктар Літвінюк хоча сфармаваць у гледача лакальную самасвядомасць жыхара Гродна.

 

– Гэты год юбілейны не толькі для мяне. Спаўняецца 885 гадоў згадванням Гродна ў летапісах. У гэтым годзе 95 гадоў з дня абвяшчэння БНР. Таксама 150 гадоў з дня паўстання Каліноўскага. Як мастак, я быў абавязаны на ўсё гэта адрэагаваць.

На вернісажы аўтар работ адзначыў, што пры стварэнні гэтай серыі ставіў мэту данесці да гледачоў свае пачуцці, думкі і развагі.

 

– Як відаць па малюнках, я жыву сённяшнім днём. Кожны перыяд ХХ стагоддзя чымсьці цікавы. Я скажу, што мяне нават і вайна чымсьці натхніла. У цэлым, стагоддзе было вельмі багата на падзеі для горада: дзве сусветныя вайны, рэвалюцыя. Горад мяняў аблічча некалькі разоў.

 

У кожным дзесяцігоддзі былі свае цікавыя моманты, нягоды і радасці. Мне было вельмі цікава паказаць парадоксы 90-х. Напрыклад, на месцы гарадзенскага касцёла кармелітаў, якія адмаўлялі ўсе матэрыяльныя назапашванні, зараз пабудаваны банк. І такіх парадоксаў ў нас вельмі шмат.

Серыя работ “Кронан ХХ ст.” не адказвае на ўсе пытанні, якія могуць зацікавіць тых, хто іх бачыць. Гэта спроба прыадчыніць заслону незахаваных і забытых старонак з гісторыі горада.

 

– Мэта выставы – папулярызацыя гісторыі. Людзі цяпер мала ёй цікавяцца, мала звяртаюцца да нейкіх гуманітарных навук. Усе замыкаецца на грошах. Я выкарыстаў кропкавую графіку, каб больш рэальна перадаць усе свае надзеі і перажыванні па гэтай тэме.

На думку Віктара Літвінюка, зараз, у час глабалізацыі, грамадства ператварылася ў безаблічную масу спажыўцоў. Грошы становяцца адной мерай і ўніверсальным эквівалентам усіх рэчаў.

 

– Графіка – гэта, у асноўным, сухія матэрыялы. Чорна-белая гама характэрная для інтэлектуалаў , а моманты колеру ў маіх працах выклікае надзеі на тое , што ўсё будзе добра.

У будучыні мастак плануе акунуцца ў тэму балтызма, паганства і эпохі варварства, калі ў чалавеку было больш духоўнасці і пачуццяў.

 

Ала Матук, гарадзенская мастацтвазнаўца (на здымку злева):

 

– Кожная праца Віктара Літвінюка вельмі самастойная, а ўся кампазіцыя малюнкаў стварае нейкі непаўторны сімбіёз. На выставе “Кронан ХХ ст.” мастаку ўдалося знайсці нітачку і адлюстраваць розныя настроі горада. Тут ёсць частка страчаных архітэктурных помнікаў і асоб, якіх ужо няма. Выстава вельмі інтэлектуальная і філасофская. На карцінах шмат знакавых сімвалаў, якія дапамагаюць чалавеку глыбей зазірнуць і знайсці іх расшыфроўку. Знайшоўшы нейкі фрагмент, хочацца дакапацца да гісторыі далей і глыбей.


Здымкі Яна Лялевіча