Ведай сваiх! Частка III: Забыты клуб – WKS Grodno

|

У 1930-х гадах вайсковый клуб проста дамінаваў у Беластоцкай футбольнай акрузе. На працягу 1930-х гадоў “WKS 76 PP” (на здымку вышэй), а пасля просто WKS Grodno, толькі аднойчы, у 1935 годзе, прапусціў іншую каманду да чэмпіёнства.

WKS Grodno з гербам горада на грудзях (1936 год)

 

Адзін з сакрэтаў перамог заключаўся ў тым, што за каманду выступалі знакамітыя футбалісты, якія траплялі ў Гарадзенскі гарнізон для праходжання ваеннай службы, напрыклад Ежы Хассельбуш з “Варшавянкі”, які пасля вайны стаў футбольным арбітрам у Польшчы. Удзельнік зборнай краіны, паўабаронца “Гарбарнi” (Кракаў) – Адам Халішка, нападаючы Леон Габрысяк, Казімір Скшыпчак, Дыяс, Буга, Цыган, Капчэўскi, паўабаронца Стэмпiнскi, абаронца Кешкоўскi, варатар Мiнеўскi.

 

І ўсё ж, касцяк каманды “ВКС Гродна” складалі самі гарадзенцы. Сярод iх варта вылучыць нападаючага Яўгена Адамчыка, які ў сезоне 1938 забіў 30 з 57 (!) галоў. Яго брат Тадэвуш разам з Кастусём Мельнікавым складалі добрую звязку паўабаронцаў. Брамнік Зянкоў, абаронцы – Пабураны, Юргелевіч, Гайдул, паўабаронца Вацлаў Сідаровіч, нападаючыя – Уладзіслаў Адамчык, Леон Лупачык, Дацевіч, Крысяк.

Чэмпіёны – WKS Grodno  (1936 год)

Злева направа:
У верхнім шэрагу – Марціновіч, Антоні Пясецкі, Яўген Адамчык.
Сярэдні шэраг – Панскоўскi, Вацлаў Сідаровіч, Валянцін, Аляксандр Пабураны,
Ніжні шэраг – Канстанцін Мельнікаў, Тадэвуш Адамчык, Аляксандр Ёчыс, Крысяк, Аляксандр Лупачык, паручнік Браніслаў Даўгяла (кіраўнік футбольнай секцыі).

Вайсковыя футбалісты выступалі ў зялёна-чырвонай форме. Прэзідэнтам таго клуба з’яўляўся палкоўнік А. Журакоўскi, кіраваў футбольнай секцыяй паручнік Б. Даўгяла. У клубе надавалася вялікая ўвага падрастаючаму пакаленню.

 

У 1931 годзе “WKS 76 PP”, набраўшы 25 балаў, упершыню заняў першае месца ў чэмпіянаце Беластоцкай акругі. А ў наступным годзе абыграў свайго галоўнага канкурэнта, “Ягелонію” з Беластоку з лікам 6:2. У сезоне 1938 года гарадзенцы выйгралі 11 матчаў з 12 і яшчэ адзін матч скончыўся нічыёй. У наступным годзе, падчас апошняга перадваеннага чэмпіянату, разграмілі клуб “Макабі Ломжа” (1938/1939) з лікам 13:1. Дарэчы, у 1939 годзе гарадзенскі клуб згуляў таварыскі матч з літоўскім прафесійным клубам “LSGF Kaunas” і абыграў літоўцаў з лікам 4:2.

Пасля матчу. Гарадзенцы з футбалістамі “LSGF Kaunas” (фота незадоўга да пачатку ІІ сусветнай вайны)

 

Стадыён, які быў асноўным

 

Не выпадкова першы пастаянны стадыён у Гродне пабудавалі вясной 1924 салдаты 76-га пяхотнага палка (сёння гэта ўніверсітэцкі стадыён на вуліцы Захарава, на якім трэніруецца ФК “Нёман” Гродна).

30-ыя гады XX стагоддзя і нашыя дні

 

Варта адзначыць, што ў дзень матчу, а ён, як правіла, быў у суботу днём або ўвечары, у Гродне было дзяржаўнае свята. Размяшчаліся шырокія аб’явы ў газетах, а па ўсім горадзе вывешваліся афішы аб тым, што адбудзецца гульня з удзелам мясцовай каманды.

Афіша перад матчам паміж WKS і “Макабі Ломжа”. Гэта было падчас апошняга перадваеннага чэмпіянату, тады гарадзенцы разграмілі яўрэйскі клуб з лікам 13:1. Сезон (1938/1939).

А гэта афіша з гарадзенскага дэрбі. Тады мясцовае “Макабі Гродна” прымалі WKS (30-ыя гады XX ст.)

 

У дзень матчу на стадыёне граў ваенны аркестр, людзі ўсёй сям’ёй адпраўляліся назіраць за гульнёй. Па некаторых дадзеных, на кожным матчы было не менш за 10 тысяч гледачоў. Пра такую яўку большасць польскіх і беларускіх клубаў сёння можа толькі марыць.

 Стадыён падчас футбольнага матчу (1941-44 гг.) і сучасны дзень

 

У час вайны зборная горада праводзіла там свае гульні, а пасля вайны на дадзеным стадыёне праводзіліся гульні гарадзенскіх каманд, такіх як “Лакаматыў Гродна” і зборная горада. Гульні праходзілі аж да 1960-ых гадоў, пакуль не пабудавалі стадыён “Чырвоны сцяг”.


Вайна

 

Што тычыцца клуба, то ён не змог праіснаваць больш за 15 гадоў, віной таму стала II сусветная вайна. 76 пяхотны полк адправіўся на захад сустракаць немцаў, там і палегла шмат салдат, якія прадстаўлялі футбольны клуб.

Салдаты гарадзенскага гарнізона (30-ыя гады XX стагоддзя)

Ушанаванне памяці маршалка Юзафа Пілсудскага ў Кракаве. 76 полк пяхоты імя Л. Нарбута перад катэдрай на Вавелі, у дзень свайго палкавога свята. Перад самай вайной.


Знак 76 ПП ім. Людвіка Нарбута

 

 

1 верасня 1939 года пачалася другая сусветная вайна, Германія напала на Польшчу. 76 ПП быў перакінуты напярэдадні вайны на захад, а пасля ваяваў у складзе арміі “Прусы”. Ёсць верагоднасць, што там былі і футбалісты WKS. У ноч з 5 на 6 верасня полк ішоў у атаку ў раёне польскага Пётркава. 29 дывізія, у складзе якой знаходзіўся 76 полк, атрымала загад аб адступленні, але ён не дайшоў да гэтага палка. Пасля пачатковых поспехаў, пад раніцу жаўнеры сутыкнуліся з упартай атакай мотастралковай бранятанкавай дывізіі немцаў. У няроўным баі, але гераічна змагаючыся, дывiзiя перастала існаваць. Загінула больш за 500 чалавек на чале з камандзірам палка. Тыя, хто застаўся ў жывых, патрапілі ў палон да немцаў, але пасля былі забітыя.

Мы памятаем… Мы ведаем… Мы ганарымся…

Месца дзе пахаваны парэшткі салдат 76 ПП імя Нарбута, а таксама іншых палкоў 29 гарадзенскай дывізіі.

 

Другая сусветная вайна цалкам падарвала жыццё тагачаснай нашай краіны. Футбольныя і іншыя спартыўныя клубы перасталі існаваць. Салдаты, якія гулялі за WKS, загінулі на фронце. “Крэсавяне” зніклі, але, магчыма, яны прадстаўлялi Гродна падчас нямецкай акупацыі. Былі ў нас і яўрэйскія клубы – гэтым камандам не пашанцавала перажыць вайну. Камусьці давялося гераічна загінуцт за Радзіму, а камусьці – памерці ў гета ці канцлагеры. Але гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя.

 

Працяг будзе…

 

     
 

Аўтар выказвае шчырую падзяку старонцы facebook.com/WksGrodno, дзякуючы якой і пачаў свае пошукі, а таксама Віктару Саяпіну за некаторыя здымкі. Аўтар карыстаўся таксама Нацыянальным лічбавым архівам Польшчы, інфармацыяй з кнігі „Historia podlaskiej piłki” (за пераклад дзякуй Ігару Мікульчыку), матэрыяламі выданняў “Новы Час” і “Вечерний Гродно”.