Вясельнае падарожжа па Беларусі. Частка ІІІ: вытокі

| Без катэгорыі

Гэта вельмі адчайны але цікавы і адукацыйны момант. Даволі складана бывае прыехаць у мясціны, дзе ты ніколі не быў, альбо некалі зусім малым адзін раз завітаў са сваімі бацькамі, але ў памяці адно і засталося размытае ўяўленне пра тое, якім выглядаў падворак, якога зараз ужо нават не існуе.


Мрочкі

 

Мрочкі – з гэтай вёскі Уздзінскага раёна паходзіць мая бабуля. Я там ніколі не быў, але даўно марыў туды заехаць, бо бабуліны ўспаміны пра мой род з часам забываліся, губляліся. Тут сустрэў сваю стрыечную бабулю і цётак, падчас доўгіх размоваў даведаўся шмат цікава пра сваіх прадзедаў. Як звыкла адфатаграфавалі старыя фотаархівы, схадзілі на могілкі, а пад канец яшчэ і крыху фальклору пазбіралі.

Такія вандроўкі вельмі трапныя тым, што ты пазнаеш, адкуль пайшоў твой род, кім былі твае прадзеды. Да прыкладу, я даведаўся, што паэт Віктар Казлоўскі займае пэўнае месца ў маім родавым дрэве, а сярод прапрадзеда ёсць Іван Дамінікавіч Луцэвіч 1882 г.н. Гэта не Янка Купала, але маюцца здагадкі, што, магчыма, недзе вышэй па родаваму дрэву можа быць адзін прашчур. Сфатаграфаваўся ля хаты, якой каля 200 год, і адкуль пайшоў род Казлоўскіх.


Серабранка і Акропна

 

Далей Накіраваліся на радзімы бацькі Насты і на радзіму ее дзядулі. У Серабранцы не засталося ні хаты ні родных, таму ночыць давялося ў намёце на школьным стадыёне. Так атрымалася, што прыехалі вельмі позна і давялося пастукацца ў мясцовую школу, дзе некалі бабуля Насты была дырэктарам, і папрасіцца паставіць намёт на тэрыторыю школы. Раніцай адбылася экскурсія па запаханым полі, дзе некалі стаяла хата. Наведалі могілкі.

Вёскі Акропна зараз на мапах не існуе, бо яна злілася з вёскай Нямержа. Дарэчы, Акропна была больш старажытнае за Нямержу. Тут зноў сустрэлі родных, зноў аповеды і фотаархівы, сярод якіх знаходзіліся карткі з жніва, вяселля, Чэхіі часоў вайны (!), зноў могілкі і шчасце знайсці фотаздымак свайго прапрадзеда.

Магчыма, дадзены артыкул быў не самым цікавым у серыі, але галоўнае, што хацелася б сказаць у канцы: не губляйце свой род. У нядаўнія савецкія часы гэты было не модна – памятаць сваіх прадзедаў. Зараз, наадварот, каб адказаць на пытанне “Хто ты?” – трэба ведаць сваіх дзядоў…

 

Цікавыя гісторыі з свайго сямейнага жыцця і фотаздымкі з часам будуць з’яўляцца на ЖЧ аўтара.


     
 

У наступных выпусках “Вясельнага падарожжа па Беларусі” чытайце пра цэрквы абарончага тыпу, сядзібы ды радзімы знакамітых людзей, у тым ліку інструкцыю па пошуках дома Багушэвіча.


Папярэднія выпускі:


Частка І: фестывалі

Частка ІІ: вядомыя і невядомыя Радзівілы