З цяжарнымі гарадзенкамі будуць працаваць псіхатэрапеўты

|

Першы ў Беларусі цэнтр прэнатальнай псіхатэрапіі створаны ў 2012 годзе на базе жаночай кансультацыі №2 (Кастрычніцкі раён) і даў вельмі добрыя вынікі.

Калі ў студзені-жніўні з 8950 народжаных у Гродзенскай вобласці немаўлят 190 (2,2%) з’явіліся на свет заўчасна, то паказчык заўчасных родаў у жаночай кансультацыі №2 – 1,6%.

 

Аналагічны цэнтр для жыхарак Ленінскага раёна пачаў працу на базе гродзенскай жаночай кансультацыі №5. Такім чынам псіхатэрапеўтычная дапамога цяпер даступна жанчынам усяго горада.

Наперадзе – Ашмяны, Ліда, Наваградак.

 

Цэнтры прэнатальнай псіхатэрапіі вядуць псіхалагічнае суправаджэнне цяжарнасці, супрацьстрэсавую тэрапію, індывідуяльныя і групавыя заняткі па падрыхтоўцы да родаў, харчаванню і тактыцы вядзення цяжарнасці.

 

На базе кансультацыі №2 дапамогу атрымалі больш за 1100 жанчын.

Сярод іх 450 цяжарных прайшлі праз групавыя заняткі, 480 – індывідуальныя. Кансультуюцца бясплодныя жанчыны і жанчыны, якія згубілі дзяцей.

У цэнтрах прэнатальнай псіхатэрапіі плануюць праводзіць заняткі ЛФК для цяжарных, ёгу і супрацьстрэсавую тэрапію ўключна з лячэбнай фізкультурай, фітатэрапеўтычнымі і воднымі працэдурамі.

 

Акрамя таго псіхалагічную і псіхатэрапеўтычную дапамогу будуць аказваць жанчынам рэпрадуктыўнага ўзросту, якія пакутуюць на памежныя псіхічныя расстройствы альбо знаходзяцца ў крызісным стане.

 

У перспектыве плануюць дапамагаць таксама жанчынам з анкапаталогіяй, працаваць з дзяўчынкамі-падлеткамі, непаўнагадовымі цяжарнымі.

 

Паводле http://grodno.gov.by