Дзень без аўтамабіля ў Гродне адзначаць велапрабегам і аўтагонкамі
Эка-актывісты заклікаюць хаця б на адзін гэтадзень адмовіцца ад аўтамабіля: прайсціся пешшу, выехаць на ровары альбо скарыстацца грамадскім транспартам.
22 верасня любы пасажыр, які мае пры сабе пасведчанне кіроўцы, зможа бясплатна скарыстацца грамадскім транспартам.
Дзеля зручнасці гарадзенцаў у гэты дзень на маршруты выедуць дадатковыя аўтобусы і тралейбусы.
Дзеля прапаганды ідэі жыцця без аўтамабіля, актыўнага выкарыстання ровара як таннага і карыснага для здароўя транспартнага сродка ў Гродне запланавана некалькі мерапрыемстваў.
У 11 гадзін на вуліцы Савецкіх памежнікаў у раёне шпіталя хуткай медыцынскй дапамогі распачнецца адкрытае першынство Гродна па веласпорце “Гонка-крытэрыум”.
У чатырох заездах для дзяўчат, хлапцоў, малодшых юнакоў і малодчых дзяўчат возьмуць удзел спартоўцы з Беларусі і Польшчы.
У 13.00 стартуе велапрабег гарадзенскіх аматараў-раварыстаў.
Сёлетні маршрут пралягае далёка ад цэнтральных вуліц горада: Шпіталь хуткай медыцынскай дапамогі – Новы мост – вул.Вясновая – Гродзенскі абласны клінічны шпіталь – Пышкі – Джунглі-парк (былы піянерскі летнік “Теремок” у Пышках).
Урачыстае адкрыццё акцыі “Дзень без аўтамабіля” з вітальнымі словамі супрацоўнікаў аблвыканкама і ўзнагародамі для актывістаў веларуху запланавана на 13.30.
Пасля гэта пачнецца праграма на тэрыторыі джунглі-парка: арыент-шоу з удзелам усіх ахвотных, фаер-шоу, траса для фігурнага руху веласіпедаў.
Тыя, хто абірае аўтамабіль, збяруцца ў Панямуні.
Аўтаспаборніцтвы пачнуцца тут у 12.00.
Паводле арганізатараў, газеты “Автодайджест”, у іх возьмуць удзел дасведчаныя майстры – Дзмітры Баркан, Аляксандр і Яўген Цэдрыкі, Андрэй Бараноўскі, Іван Давыдзенка, Аляксей Шандзюкоў.
Генеральны партнёр “Хендэ трак” прадставіць гледачам сваю камерцыйную тэхніку і распавядзе пра ўмовы яе набыцця, а ўсе прысутныя змогуць паўдзельнічаць у конкурсах на прызы ад партнёраў акцыі.