Ветстанцыя пацьвердзіла выпадак афрыканскай чумы ў Ваўкавыскім раёне

|

Ад жыхароў шэрагу вёсак Ваўкавыскага раёна адразу ж запатрабавалі знішчыць хатні скот.

 

Мясцовыя ўлады на інфармацыю Ваўкавыскага незалежнага сайта адрэагавалі аператыўна.

19 верасня на сайце Ваўкавыскага райвыканкама з’явілася абвяржэнне з’яўлення АЧС у раёне. Сцьвярджаецца, што “інфармацыя ў інтэрнэт-рэсурсах па поваду ўзнікнення Афрыканскай чумы ў Ваўкавыскім раёне непраўдзівая”, і ў раёне закрываюць свінагадоўчыя фермы, якія не забяспечваюць біялагічную абарону.

 

У той жа дзень карэспандэнт “Еўрарадыё” датэлефанаваўся ў раённую ветстанцыю, дзе звесткі пра ўспышку чумы свіней пацьвердзілі, але ад далейшых каментароў адмовіліся.

 

Мясцовыя жыхары таксама пацьвярджаюць інфармацыю пра чуму.

Сярод іх існуе меркаванне, што гэтыя звесткі распаўсюджваюцца спецыяльна дзеля таго, каб зменьшыць колькасць свіней у хатніх гаспадарках і павялічыць попыт на прадукцыю мясакамбінатаў, што губляюць замежныя рынкі збыту.

 

Першы ў Беларусі выпадак афрыканскай чумы свіней быў зафіксаваны ў вёсцы Чапунь Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.

Паведамленне пра гэта прыйшло 21 чэрвеня 2013 года.

Каб спыніць эпідэмію, свіней знішчалі ў вёсках Іўеўскага, Валожынскага, Карэліцкага, Наваградзкага і Ашмянскага раёнаў, а цяпер і на Ваўкавышчыне.

 

Паводле http://volkovysk.by