Пачынаецца пяты сезон працы “Універсітэту Залатога Веку”

|

Застаецца зусім няшмат часу да таго моманту, як пачнуцца заняткі ўжо ў пятым сезоне праграмы “Універсітэт Залатога веку”. Прайшлі тыя часы, калі сюды падавалася каля 80 заявак. У гэтым годзе памяшканне грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар” з цяжкасцю ўмяшчала ўсіх прысутных на прэзентацыях.


На працягу тыдня кандыдаты знаёміліся з УЗВ. Падчас прэзентацый арганізатары праекту распавядалі аб яго гісторыі, прынцыпах, мэтах і ўмовах працы ў новым акадэмічным годзе. Усяго такія арганізацыйныя сустрэчы наведала каля 200 гарадзенцаў ва ўзросце ад 55 да 80 гадоў.

Прычыны, па якіх людзі пенсійнага ўзросту прыходзяць ва УЗВ, ва ўсіх розныя. Хтосьці толькі ў гэтым годзе даведаўся аб праграме ад сяброў або знаёмых, хтосьці прыходзіць сюды вучыцца ўжо другі ці трэці раз.

 

Усяго “Універсітэт Залатога Веку” у гэтым годзе прапанаваў сталым гараджанам наведваць 24 секцыі. На думку старшыні Рады УЗВ Марыі Станіславіч, год абяцае быць насычаным і цікавым.

 

У 2013-2014 гг. слухачы праграмы змогуць наведаць секцыі па вывучэнню не толькі беларускай, ангельскай, нямецкай, польскай мовы і эсперанта, але і пачаць размаўляць па-італьянску. Аднак, гэта не азначае, што выкладчыкі моўных груп, якія працуюць не першы год, перасталі нешта мяняць і дадаваць у свае заняткі новыя “разынкі”.

Напрыклад, вядучая секцыі “Роднае слова” Вольга Астроўская пазнаёміць сваіх новых слухачоў з сучаснай беларускай музыкай і паэзіяй.

 

Да існуючых мінулагодніх 18 секцый дадаліся яшчэ 6 новых, дзе наведвальнікі змогуць скласці сваё генеалагічнае дрэва, пазнаёміцца з прававымі аспектамі, паспрабаваць сябе на тэатральнай сцэне.

Выкладчыцкі склад таксама змяніўся. Заняткі па вывучэнні англельскай мовы цяпер будуць весці дзве выкладчыцы (адна з слухачак УЗВ і маладая спецыялістка). Таксама новая і цікавая выкладчыца у секцыі “Псіхалагічнае здароўе”. Заняткі на камп’ютарных курсах, секцыях фотамайстэрства, англійскай, польскай і нямецкай мовы будуць весціся не толькі на пачатковым, але і на прасунутым узроўні.

 

З 2010 гарадзенскі “Універсітэт Залатога Веку” ператварыўся ў паспяховы праект актывізацыі сталых людзей, які з кожным годам становіцца ўсё больш папулярным у горадзе.

Гэты факт падцвярджаецца не толькі ўсё большай колькасцю заявак і секцый, але і ацэнкай яго стваральнікаў. Як лічыць кіраўнік ГА “Цэнтр “Трэці сектар” Вітаўт Руднік, УЗВ ужо ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

 

“Універсітэт Залатога Веку” – праект для сталых гарадзенак і гарадзенцаў, які дае не толькі новыя веды, але і вучыць сваіх слухачоў быць грамадзянамі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

Урачыстае адкрыццё праграмы “Універсітэта Залатога Веку” на 2013/2014 гг. адбудзецца ўжо 3 кастрычніка.

 

Фота аўтара