Найстарэйшы алтар гарадзенскай Катэдры ўрачыста адкрылі пасля рэстаўрацыі

| Без катэгорыі

Пад барабанную дроб і фанфары вялікая прасціна апусцілася і сабраныя на імшы змаглі пабачыць алтар, што ззяў сусальным золатам быццам новы. Па колеры ён цяпер нагадвае галоўны алтар – гэта далікатны шэра-блакітны мармур. Але надалей адрозніваецца ад рэшты алтароў большай строгасцю форм. На адрамантаваным алтары адразу ж была адслужаная літургія.

Рамонт алтара распачаўся ў кастрычніку 2012 года і, як лічыць пробашч касцёла кс. Ян Кучынскі, час быў абраны вельмі ўдала. “Калі мы зазірнулі за алтар, то літаральна былі ў шоку, што ён яшчэ трымаўся. Калі б не пачалі тады працы, невядома, як доўга б ён прастаяў”, – кажа святар.

Алтар Міхала Арханёла старэйшы нават за сам касцёл – ён быў перанесены ў Катэдру з ранейшага, драўлянага касцёла езуітаў. Пэўны час ён выконваў функцыі алтара Маці Божай Кангрэгацкай, а пазней у ім усталявалі абраз кіраўніка нябеснага войска. Гэта абраз аднаўляў вядомы (і адзіны ў гэтай сферы) гарадзенскі рэстаўратар Уладзімір Кіслы. Для аднаўлення ж самой драўлянай канструкцыі і пакрыцця золатам яе элементаў была запрошаная цэлая сям’я адмыслоўцаў з Мінска.

Імша моцна зацягнулася, бо ў канцы пробашч і біскуп доўга дзякавалі ўсім, хто спрычыніўся  да аднаўлення: майстрам, навуковаму кіраўніку, асабліва буйным фундатарам, а таксама кожнаму прысутнаму за малітоўную падтрымку. Тыя, хто працай і фінансавай падтрымкай найбольш спрычыніліся да рамонту, атрымалі з рук біскупа афіцыйныя падзякі і драўляныя крыжы. Аказалася, што крыжы выкананыя з дрэва XVIII стагоддзя – фігур галоўнага алтара, што згарэлі ў часе пажару ў 2006 годзе.

Прысутныя на імшы атрымалі памятны абразок са здымкам алтара да рэстаўрацыі

 

 

Здымкі Яна Лялевіча