Вясельнае падарожжа па Беларусі. Частка IV: цэрквы абарончага тыпу

| Без катэгорыі

Мураванка

 

Найбліжэйшая да Гродна царква абарончага тыпу – у Шчучынскім раёне. Дастаткова па трасе М6 ля Малага Мажэйкава збочыць на пару кіламетраў у бок – і вось яна прыгожая царка 1524 года.

Да яе мы пад’ехалі ўжо напрыканцы свайго падарожжа, але, падаецца, яна ўразіла нас больш за ўсё. Магчыма, з той прычыны, што нам пашчасціла злазіць на яе вежы. Сапраўды, з вышыні добра бачны навакольныя прасторы, а ў ранейшыя часы даволі проста было заважыць ворага на адлегласці альбо знак небяспекі з іншых населеных пунктаў.

Царква, выконвала не толькі функцыю рэлігійную, але і абарончую. Гэта адразу бачна: манументальная каменная пабудова з башнямі, на якіх размешчаны байніцы.


Сынкавічы

 

Пабудову гэтай царквы датуюць 1407 годам. Вельмі прыгожая і манументальная, больш нагадвае замак альбо палац. Зноў жа, знаходзіцца на Гарадзеншчыне, у Зельвенскім раёне. Зараз там знаходзіцца ікона, да якой прыязджаюць нават з Еўропы і Амерыкі. Мы таксама паставілі там свечку за здароўе сваіх бацькоў. Гэтым часам у будынку ідзе рэстаўрацыя.

Так што, калі раптам не былі ні ў Мураванцы, ні ў Сынкавічах – хуценька сядайце за руль аўтамабіля і едзьце, не пашкадуеце. Адзін выгляд адначасова ўражвае і заварожвае.


Ішкалдзь

 

Гэта абарончая царква знаходзіцца ў Брэскай вобласці, Баранавіцкім раёне. Яна можа і не такая  велічная, але вельмі прыгожая. Вядомая царква з 1614 года. Нам пашчасціла патрапіць усярэдзіну. Мясцовыя жыхары акурат рыхтаваліся да прыезду ў царкву мошчаў святой Тэрэзы, дазволілі зайсці.

“Сцены захаваліся старыя, – расказвалі жанчыны, – а вось алтар, лавы і вітражы – сучасныя”. Калі прыглядзецца, то на вітражах нават бачны савецкі аўтамабіль. Але гэта не сучасны мадэрнізм. У аснове ляжыць гісторыя, як вернікі не далі знішчыць касцёл і ляглі пад колы бульдозера.

Ля царквы расце вялізны клён, у параўнанні з якім Настаська проста мураш…


Камаі

 

Віцебская вобласць, Пастаўскі раён. Пабудаваны ў 1603-1606 гадах. Кажуць, што гэта адна з тых святынь, якая ніколі, нават у савецкія часы, не была зачынена.

Вельмі не спадабаўся персікавы колер сценаў царквы. Гэтак яны былі пафарбаваны зусім нядаўна, бо у інтэрнэце да гэтага бачылі дадзеную царкву белага колеру. Тады яна больш уражвала, чым зараз. У парку каля святыні стаіць каменны крыж.

Яшчэ да падарожжа мы адзначылі на сваёй мапе гэтыя помнікі архітэктуры – і яны сапраўды захапілі нас сваёй веліччу. Нібы маленькія замкі, у якіх пасяліўся Бог…

     
 

У наступных выпусках “Вясельнага падарожжа па Беларусі” чытайце пра сядзібы ды радзімы знакамітых людзей, у тым ліку інструкцыю па пошуках дома Багушэвіча.


Папярэднія выпускі:


Частка І: фестывалі

Частка ІІ: вядомыя і невядомыя Радзівілы

Частка ІІІ: вытокі