За кіпучай дэпутацкай дзейнасцю: што год таму абяцалі народныя абраннікі

|

Вось што абяцаў зрабіць у статусе народнага выбранніка тагачасны шчучынскі вертыкальшчык Сяргей Ушкевіч. Ён заявіў, што, трапіўшы ў парламент, будзе садзейнічаць мадэрнізацыі ўсіх галін эканомікі і паклапоціцца аб стварэнні новых высокатэхналагічных вытворчасцяў. Сяргей Ушкевіч таксама гаварыў, што ў Палаце прадстаўнікоў ён будзе стымуляваць прадпрымальніцтва, садзейнічаць яго развіццю.

 

На сходзе выбаршчыкаў у Шчучыне ў мінулым верасні ён сказаў, што будзе дабівацца павелічэння бюджэтных расходаў на сацыяльныя патрэбы, займецца вырашэннем сацыяльных праблем сталых грамадзян, паклапоціцца аб стварэнні больш дасканалай пенсійнай сістэмы. Асобным радком у перадвыбарнай праграме шчучынскага кандыдадата вылучалася медыцынская тэма.

 

У выніку вертыкальшчык трапіў у Палату прадстаўнікоў. Мінуў год. Што з заяўленага дэпутат ператварыў у жыццё?

 

У верасні 2012 года сталі дэпутатамі старшыня СПК “Малабераставіцкі элітгас” Анатоль Коханаў і дырэктар СШ № 9 Слоніма Ала Сопікава. У абодвух перадвыбарныя праграмы выглядалі вельмі прыгожа. У прыватнасці, Ала Сопікава заяўляла, што яна будзе імкнуцца “слухаць людзей і гаварыць ад іх імя, слухаць людзей і працаваць для людзей, слухаць людзей і быць карыснай людзям”. На жаль, кандыдат у дэпутаты так і не ўдакладніла, для якіх канкрэтна людзей яна будзе дзейнічаць.

 

Далей у яе праграме ішлі вельмі важныя пункты: выступаць за мадэрнізацыю і эфектыўнае кіраванне эканомікай, дабівацца распрацоўкі заканадаўчай базы па зніжэнні налогавага цяжару для прадпрымальнікаў. Тады ж дырэктар слонімскай школы давала цвёрдае слова, што, апынуўшыся ў парламенце, яна будзе напружана працаваць над удасканальваннем пенсійнай сістэмы. І асобным радком у яе праграме ішла медыцынская тэма.

 

Старшыня бераставіцкай гаспадаркі Анатоль Коханаў у Палаце прадстаўнікоў хацеў заняцца ўдасканальваннем сістэмы сацыяльнага абслугоўвання састарэлых людзей, асабліва адзінокіх, працаваць над законамі, накіраванымі на развіццё і падтрымку сярэдняга і малога бізнесу. Старшыня СПК з Бераставіцкага раёна абяцаў, што ці не галоўным яго дэпутацкім абавязкам стане клопат па ўмацаванні медыцыны, асабліва на сяле.

 

Увогуле, цікавая рэч: у некаторых месцах праграмы Алы Сопікавай і Анатоля Кохана, хоць самі яны з розных раёнаў, падаліся настолькі падобнымі, быццам асобныя кавалкі іх тэкстаў пісаў адзін і той жа чалавек.

 

А вось дырэктар Гродзенскага каледжа бытавога абслугоўванняч насельніцтва Васіль Міхно, імкнучыся трапіць на жаданую дэпутацкую сцяжыну, гаварыў, што ён будзе падтрымліваць прапановы па зніжэнні падаткаў для прадпрымальнікаў, даб’ецца беражнага захоўвання гістарычнай спадчына Гродна. Асобным радком, як вы ўжо, напэўна, здагадаліся, у яго праграме значылася медыцынская тэма.

 

Яшчэ адзін пункт з праграмы гродзенскага дырэктара прыцягвае ўвагу. Чытаем: “Стварыць у горадзе фонд сацыяльнага і арэнднага жылля для тых, каму гэта патрэбна”.

 

Можа, акурат з лёгкай рукі Васіля Міхно ўлады імкнуцца цяпер перавесці непрыватызаваныя кватэры ў так званае арэнднае жыллё і прымусіць людзей плаціць дадатковыя грошы быццам бы за арэнду? Васіль Кандратавіч, адгукніцеся, краіна павінна ведаць сваіх герояў.

 

Ну а наконт усіх астатніх перадвыбарных абяцанняў… Яшчэ тры гады наперадзе ў нашых дэпутатаў. Пачакаем.

 

Здымак house.gov.by