Танцуючыя статуі нарабілі шуму ў Новым замку

| Без катэгорыі

На адзін дзень пяць чалавек пераўвасобіліся ў эталоны цялеснай прыгажосці са старажытных часоў. Госці акцыі змаглі дакрануцца да скульптур “Давіда” і “Скаванага раба” Мікелянджала , “Венеры Мілоскай”, “Афрадыты ў садах”, а таксама “Мысляра” Радэна.

Па словах харэографа Яўгена Якуша (на фота), акцыя прапагандуе здаровы лад жыцця, прыгожае цела і знешнюю прыгажосць.

 

“Я выступаю ў вобразе Давіда. Сённяшняя добрая атмасфера натхняе на тое, каб прастаяць ў такім вобразе некалькі гадзін.

 

Што адлюстроўвае прыгажосць душэўную? Нездарма кажуць: у здаровым целе – здаровы дух. Калі чалавек выглядае здаровым знешне, то і ўнутры ў яго будзе ўсё ў парадку. Самая цяжкая праца – гэта праца над сабой”.

Усе танцоры пафарбаваны ў белы колер акрылавай фарбай, якая растушавана па ўсім целе і нават вопратцы. На валасах дзяўчат фарбы няма. Такі незвычайны эфект стварае мікс з мукі, тальку і лаку для валасоў.

Афрадыта і Венера

 

Вольга Коршак, танцорка “Афрадыта ў садах”:

 

“Гэты вобраз абраны мной для таго, каб нагадаць аб жаночай прыгажосці і грацыі. У харэаграфіі мы выкарыстоўвалі плаўныя рухі, а хлопцы – рэзкія і мужныя. Вырашылі згуляць на кантрастах. Вось такім чынам паказаць прыгажосць старажытнасці, мужнасць і жаноцкасць. Бо ў сучасным свеце межы гэтых паняццяў трошкі сціраюцца”.

Праграму шоў-балет рыхтаваў па танцавальных мерках нядоўга – усяго два дні. Прычына ў тым, што трупа складаецца з прафесіяналаў, якія могуць якасна і хутка зрабіць добры танцавальны нумар.

 

Герояў сабе кожны абраў адразу. Каб прадумаць нумар, удзельнікі трупы чыталі пра сваіх персанажаў, каб адчуць іх і ўжыцца ў вобраз.

Мысляр і Скаваны раб

 

Іван Воўк, танцор “Скаваны раб”:


“Мне адразу спадабаўся гэты герой: поза не вельмі складаная – упор на адну нагу. Ды і мне падыходзіць па фактуры. У часы стварэння гэтых статуй было шмат агрэсіі і войнаў, грамадства было не такім як цяпер. Адсюль і нарадзіліся рухі танца.


На грым выдаткавалі паўтары гадзіны на аднаго чалавека. Мяне з пулівізатара апырсквалі акрылавай фарбай. На жаль, фарба змываецца не вельмі добра, прыйдзецца адмываць яе хвілін 40”.

 

“Жывыя” творы не толькі танцавалі, але і фатаграфаваліся з гасцямі акцыі.

 

Дар’я Кемер, танцорка “Венера Мілоская”:


“Музыка так і цягне танцаваць, хочацца рухацца ў гэтым вобразе. Я бачыла ў Еўропе, як людзі так стаяць па некалькі гадзін, а цяпер сама на іх месцы. Хочацца смяяцца, але трэба стаяць без руху і быць у вобразе да канца”.

 

Падчас усёй акцыі іграла музыка з фільма “Код да Вінчы”. На думку калектыва, яна акурат адлюстроўвае тыя настрой і дух, калі цялесная прыгажосць услаўлялася антычнымі скульптарамі і мастакамі.

На перкаванні кіраўніка праекта “Жывая гісторыя” Сяргея Іванова (на здымку), такія праекты дапамагаюць моладзі больш цікавіцца мастацтвам.

 

“Мы шукаем усё новыя і новыя формы, каб зрабіць жыццё горада больш яркім.  Сённяшняя акцыя накіравана на тое, каб паспрабаваць ажывіць гісторыю: пакранаць і памацаць, і нават сфатаграфаваць. Паказаць гісторыю не сухімі фактамі з падручнікаў, а вось так жыва і сімвалічна”.

 

Паглядзець на “жывых” статуй прыйшла гродзенская моладзь, а таксама іншыя танцавальныя калектывы, якія цікавяцца творчасцю каманды Яўгена Якуша.

 

Здымкі аўтаркі і Яна Лялевіча