У Гродне будуць дыскутаваць пра месца сучаснага ўніверсітэта

|

У межах семінара з дакладамі выступяць: бібліст, культуролаг Ірына Дубянецкая, філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч, адукатар Ігар Кузьмініч, а таксама адбудзецца публічная дыскусія “Гародня як месца сучаснага ўніверсітэта”, да якой далучацца філосаф Павал Баркоўскі, метадолаг, каардынатар “Лятучага ўніверсітэта” Таццяна Вадалажская, і іншыя эксперты па пытаннях развіцця ўніверсітэтаў.

     
 

Выступоўцы і тэмы


Ірына Дубянецкая ў выступе “Універсітэт і нацыянальная ідэя ў беларускай рэчаіснасці” прапануе паразважаць над культуратворчымі і нацыятворчымі функцыямі ўніверсітэта. Нацыянальны ўніверсітэт так і застаўся неспраўджанай мрояй Беларусі, але варта прыглядзецца да тых спробаў, якія былі ў гісторыі, больш дэтальна: як развівалася нацыянальная ідэя ў Віленскім універсітэце? Наколькі сёння рэалістычна казаць пра нацыянальны ўніверсітэт – у постмадэрным, посткаланіяльным, постіндустрыйным, посткрытычным свеце?


Ігар Кузьмініч прапануе перафармуляваць пытанне аб крызісе ўніверсітэтаў у пытанне аб крызісе гуманітарных навук. Падчас выступу гарадзенскага выступоўцы “Сучасны ўніверсітэт як інавацыя” паспрабуем разабрацца з тым, перад якімі выклікамі апынуўся сёння ўніверсітэт і што павінна стаць яго інавацыйнай мэтай?


Паўставанне і развіццё Універсітэту немажліва без сталай працы над самой ідэяй Універсітэту, без абмеркавання, дыскусіі пра тое, што можа стаць агульнымі падмуркамі для супольнай практыкі. Уладзімір Мацкевіч, распавядзе пра тое, як, кім і дзе развіваецца “Ідэя Універсітэта ў сённяшняй Беларусі”.


Акцэнтам агульнай дыскусіі “Гародня як месца сучаснага ўніверсітэта” стануць пытанні пра мажлівасці і перспектывы развіцця ідэі Універсітэту ў Гродне, пра тое, у якіх фарматах, накірунках дзейнасці можа развівацца супрацоўніцтва гарадзенскай акадэмічнай супольнасці і “Лятучага ўніверсітэта”.

 
     

Адкрыты семінар “Універсітэт у гісторыі і сучаснасці Беларусі” адбудзецца 17 кастрычніка па адрасе: Гродна, вул. Будзёнага 48а (зала ва ўнутраным дворыку). Пачатак а 18.00, уваход вольны.