“Д.П.Б.Ч.” – роўны сярэднячок ад N.R.M.
Першае, што кідаецца ў вочы – альбом “Д.П.Б.Ч.” недаравальна кароткі. У ім усяго восем трэкаў агульнай даўжынёй 29 хвілін. Да таго ж, істотную частку песен мы ўжо мелі магчымасць пачуць раней.
“Ты маўчыш – я маўчу”, “Прамень” і “Кузнічку” гурт прэзентаваў у інтэрнэце, “На далоні” – песня сайд-праекта Паўлава Garadzkija, толькі з абноўленай аранжыроўкай. “Д.П.Б.Ч.” і “Мроя мая” – можна было пачуць у сеціве адносна нядаўна.
У выніку застаюцца толькі “Нектар” ды “Хрусць і папалам”, якія раней можна было пачуць толькі на канцэртах. І менавіта гэтыя песні – не самыя лепшыя ў праграме.
“Д.П.Б.Ч.” можна было б назваць някепскім альбомам для любога гурта, які б не называўся N.R.M. Да музыкаў, што называюць сябе гэтымі трыма літарамі, заўсёды будуць завышаныя патрабаванні. Таму “Д.П.Б.Ч.” можна аднесці да тыповых сярэднячкоў: нагадвае чымсьці колішні Splinter ад Offspring – караценькі прахадны альбом, які гучыць як трэба, але не застаецца ў памяці.
Слых цешаць некалькі прыемных і запамінальных мелодый, вельмі пазнавальныя гітарныя пройгрышы Піта, колькі самацытат ды вельмі энэрэмаўскі саўнд. Візуальна афармленне дыска можна ацаніць як “добра” – вокладка ад Уладзіміра Цэслера простая, эстэтычная і не перагружаная. Хаця, канешне, не “Дом культуры”.
Тэксты, быць можа, не самыя глыбокія і эпахальныя ў гісторыі гурта, але цалкам сэнсоўныя. Акрамя прысвечанай закрыццю Аўтарадыё “Ты маўчыш – я маўчу” ўсе песні гэта даволі агульныя і простыя роздумы пра жыццё, без залішняй публіцыстыкі, слоганаў і прывязкі да канкрэтных падзей. І гэта выдатна.
Наогул, альбом пакідае ўражанне “рознакаляровага”, гэтксама як і папярэдні “06”, запісаны яшчэ з Вольскім. Гэтым разам не хапае толькі моцных зубадрабільных “баевічкоў” ды сапраўдных шчымлівых балад – таму і праграма агулам здаецца занадта роўнай, а праз гэта мала запамінальнай. Зусім нечаканая на гэтым альбоме толькі фолкавая песня “Кузнічка” – здавалася, што N.R.M. скончыў такія эксперыменты яшчэ ў 90-х, але, відаць, фолкавыя ўпадабанні Піта зрабілі сваё.
Яшчэ з мінусаў. Запіс расцягнуўся настолькі, што цікавасць да рэліза істотна паменшала. Якасць запісу мяне зусім не задаволіла – гук выйшаў нейкі не сакавіты, неахайны, як дэма. Піт вельмі стараецца падцягнуцца як вакаліст, але прайграваць Лявону будзе заўсёды.
Як вынік: альбом у якасці посткрызіснага гучыць някепска і мае нават некалькі патэнцыйных хітоў (“Мроя мая”, “Прамень” і выдатная канцоўка “Д.П.Б.Ч.”). Але калі гурт у хуткім часе не прэзентуе чагосці мацнейшага і больш уцямнага – многія пра яго могуць забыць канчаткова.
Гурт: N.R.M.
Альбом: Д.П.Б.Ч.
Год: 2013
Гатунак: рок
Ацэнка: 6/10