Міхась Краснабаеў: “Свой першы ў жыцці спектакль я глядзеў у Гародні”

|

Рэжысёр, які нарадзіўся на Гарадзеншчыне і да арміі жыў у Шчучынскім раёне, напярэдадні прэм’еры распавёў пра сябе, свае ўражанні ад Гародні і стаўленне да Нацыянальнай драматургіі.

 

– Стаць акторам – мара дзяцінства?

– Так. Калісьці, яшчэ ў школе, разам з сябрамі рабілі канцэрты. Я нават невялічкія п’есы пісаў, разыгрывалі іх. Атрымліваў задавальненне, кайф, калі на сцэну выходзіў, альбо калі гледачы раптам зарагочуць ці ўважліва слухаюць… Дзеля гэтага артысты працуюць. Гэта як наркотык.


– Вы і рэжысёр, і актор. Што Вам больш па душы?

– Канешне, гэта розныя прафесіі. Актор адказвае толькі за сябе і стварае вобраз аднаго чалавека. А рэжысёр стварае спектакль, стварае своеасаблівы сусвет. Рэжысура – гэта больш складаная, больш цяжкая праца. Як акцёр, ты адказваеш толькі за сябе. Будзь прафесіяналам і ўсё будзе нармальна. А рэжысёр павінен ведаць больш, добра валодаць прафесіяй, і, у некаторай ступені, псіхолагам быць. А наогул жа, і акторству і рэжысуры трэба вучыцца ўсё жыццё, даказваць увесь час, што маеш права гэтым займацца. Час бяжыць наперад так імкліва, што толькі крышачку спыніўся, а гэты цягнік імчыць далей,  а ты застаўся.


– Як Вас сустрэў наш тэатр?

– Вельмі добра. Дзякаваць Богу, усе працуюць уважліва, дакладна, атмасфера прыязная. Мне вельмі падабаецца.


– Напэўна Вы не адзін раз раней бывалі ў Гродна?

– Так, канешне. Я дарэчы свой першы ў жыцці спектакль глядзеў менавіта ў Гродне. Гэта было яшчэ ў старым будынку тэатра (сёняшні тэатр лялек).  Тады на гастролях у Гродна быў Брэсцкі тэатр, і мы глядзелі знакаміты іх спектакль “Брэсцкая крэпасць”. Менавіта тады я захапіўся тэатрам.  Памятаю, як потым са службовага ўвахода выходзілі акторы, а мы глядзелі на іх як на “небажыцеляў”.

А Гародню я вельмі люблю. Гэта, сапраўды, такі заходні, еўрапейскі горад. І па адчуванні такі невялікі, прыгожы, утульны. Мне вельмі добра тут.

 

пошні Ваш спектакль на віцебскай сцэне быў па творы Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”?

Так. Мне вельмі падабаецца Караткевіч. Маім першым спектаклем, які я паставіў яшчэ на малой сцэне тэатра Якуба Коласа, была “Вераб’іная ноч” – гэта пралог да рамана “Нельга забыць”. Потым была “Ладдзя роспачы”, “Леаніды не вернуцца назад” па раману “Нельга забыць” і зараз “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. У адрозненні ад іншых пісьменнікаў, Караткевіч паказаў, што мы не беларусы-лапатнікі, што наш народ мае вялікую цікавую гісторыю, багатую спадчыну.


– Вы часта звяртаецеся да нацыянальнай драматургіі. Гэта абумоўлена тым, што Вы рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра, ці ўсё ж гэта свядомы зварот, душэўная патрэба?

– Канешне. Я – беларус. Усвядоміў гэта менавіта ў тэатры Якуба Коласа. Калі я прыйшоў, тэатрам кіраваў Валеры Мазынскі, і там была такая моцная нацыянальная плынь. Працавалі там Таццяна Мархель, Яўген Шыпіла, Тадэвуш Кокштыс, Валянціна Петрачкова і многія іншыя. Было такое асяроддзе, якое дапамагло мне многае зразумець і асэнсаваць.


– На Вашай старонцы тэатральнага сайта запісана: “Чалавек носіць сваё неба з сабой”. Які сэнс Вы ўкладаеце ў гэтыя словы?

– Гэта словы Гервасія Вылівахі з “Ладдзі роспачы”. У гэтым ёсць вялікі сэнс. Усё, што мы нараджаем у творчасці, пэўныя прафесійныя рэчы – усё існуе для таго, каб выказаць, што ў цябе ў душы ёсць. Піяністу трэба, каб пальцы хутка бегалі, але калі душы няма, то застаецца толькі механіка. Так і ў тэатры.

 

П’еса “За двума зайцамі” была напісана ў XIX стагоддзі ўкраінскім пісьменнікам і тэатральным дзеячом Міхайлам Старыцкім.

Нягледзячы на час напісання камедыі, яна будзе сучасная заўсёды: людзі любяць выдаваць сябе за тых, кім яны не з’яўляюцца.

Сын цырульніка Свірыд Голахвосты як раз спрабуе выглядаць адукаваным і «прасунутым» чалавекам, «джэнтэльменскага» выгляду. Прайграўшыся ў карты, ён вырашае паправіць свае справы, ажаніўшыся на багатай нявесце Проне Пракопаўне Сярко. Ён ужо ўяўляў сабе, якое шыкоўнае жыццё пачнецца на нявесціны грошы… Аднак, у гісторыю ўмешваецца цётка Проні, якая прагне выдаць замуж за “багатага пана” Голахвостага сваю дачку.

 

Прэм’ера спектакля адбудзецца на вялікай сцэне Гродзенскага драмтэатра 3 лістапада.

Кошт квіткоў –  ад 25 тысяч (1,2,8 шэрагі балкона) да 40 тысяч рублёў (партэр, 2-14 шэрагі).

 

Паводле http://drama.grodno.by

Здымак з сайта http://kolastheatre.by