Футбольны “Нёман”: гістарычная перамога над “Шахцёрам”

|

Чаму менавіта гістарычная перамога? Справа ў тым, што апошні раз “Нёман” перамагаў “Шахцёра” ў сябе дома ажно ў 2009… Праз чатыры гады, гарадзенцам зноў атрымалася пацешыць сваіх заўзятараў перамогай над кратамі.

 

У гэты дзень у Гродне выдалася сапраўднае англійскае надвор’е: трохі туману і дробнага дажджу гэтаму паспрыяла. Ды і паядынак нас чакаў сур’ёзны, як ніяк “Нёману” супрацьстаяла моцная каманда, якая на працягу першага і другога круга ішла першай. Але мабыць салігорскай камандзе часам чагосьці не хапае. Краты перад матчам з “Нёманам” прайгралі яшчэ тры матчы запар! І ў Гродне ім таксама не пашанцавала.

 

Дружына Сяргея Саладоўнікава выходзіла гуляць толькі на перамогу. У першым тайме каманды паказалі добры футбол, і хуткі гол “Нёмана” даў фору гарадзенцам у пачатку матчу. Аўтарам гола стаў Уладзiмiр Весялiнаў. Варта адзначыць, што пасля ўзяцця варот гаспадары не аселі ў сваёй штрафной, як яны гэта любяць рабіць, а працягвалі гуляць у свой футбол. Была вельмі прыкметнай актыўнасць Паўла Савіцкага, гарадзенец не толькі разрываў флангі суперніка, але і нагнятаў абстаноўку паблізу варот “Шахцёра”.

Савіцкі ў акрабатычным скоку ледзь не ўзяў вароты гасцей

 

У другім тайме госці выйшлі і адразу ж паказалі гульню, за кошт якой яны трымаліся на вяршыні турнірнай табліцы. Дзмітрый Асіпенка, раза хіба з пятага, усё ж здолеў трапіць у вароты Чэрнiка. Не сказаць, што ў гале вінаваты галкіпер “Нёмана”. Вінаватая абарона, якая не змагла супрацьстаяць звязцы Хачатуран/Асіпенка.

 

Пасля гала госці не зменшылі свае абароты і з вялікім напалам насядалі на вароты гарадзенцаў. Гаспадары ўсяго толькі стараліся гуляць на контратаках. Варта адзначыць, што ў іх гэта добра атрымлівалася, але з рэалізацыяй былі праблемы. Не ішла гульня ў Зубовіча – ну проста ніяк. Саладоўнікаў вымушаны быў замяніць футбаліста на Алісейку, які ўмацаваў абарону гаспадароў.

На 80 хвіліне, пасля чарговай контратакі, “Нёман” выйшаў наперад намаганнямі Эсаме і Вітуса.

 

Камерунец дакладным пасам вывеў Вітуса адзін на адзін, дзе Макс вырашыў перакінуць Астоiча, і не прагадаў, тым самым забіў прыгожы гол, які стаў вырашальным. Але героем матчу стаў не Вітус, а Павел Савіцкі.

Савіцкі і Вітус радуюцца галу

 

Пасля матчу Сяргей Саладоўнікаў:

“У нас было некалькі гістарычных перамог і сённяшні матч таксама ўваходзіць у гэты лік. Хутчэй не па гульні, а па тым, што для нас Салігорск з’яўляецца традыцыйна вельмі нязручным супернікам. Я ўжо не памятаю, калі мы тут перамагалі “Шахцёр”. Вельмi рады гэтай перамозе, але якасць гульні, вядома, пакідае жадаць лепшага. “Шахцёр” у другім тайме пацягаў нас вельмі прыстойна, і толькі цуд выратаваў нас ад таго, што мы гэты матч не прайгралі. Таму я вельмі рады выніку, але незадаволены гульнёй. Нам яшчэ гуляць з моцнымі супернікамі і трэба шліфаваць якасць гульні”.

 

Павел Савіцкі для “Твайго стылю”:

Сёння быў вельмі цяжкі матч, і мы аддалі ўсе сілы на полі. Думаю, перамаглі заслужана. Маглі прапусціць і другі гол, але нам пашанцавала. Пасля мы ўжо сабраліся і забілі, чаму вельмі рады. Даўно не выйгравалі ў “Шахцёра” нязручны быў супернік для нас.


Што табе надае сілы ў гульні? Раскажы пра сакрэт поспеху. Можа дзяўчына на трыбуне, або ў цэлым стадыён, уся абстаноўка?

 

Мы ўсёй камандай адзін за аднаго і нельга нікога падводзіць. Ад нашай гульні залежыць сыход матчу. Калі мы будзем разам як сёння, то ў будучыні будзе ўсё добра! Вось залог поспеху! Вядома, заўзятары і фанаты – гэта вялікая падтрымка!

 

Ты сёння стаў лепшым гульцом матчу, ты прыкметна дадаў пасля гульняў у зборнай. Ці не пара табе з маладзёжкі выбірацца ў асноўную каманду?

 

Проста сёння выклаўся на ўсе сто, ну а тое, што ў асноўную зборную – гэта не мне вырашаць!


Ходзяць чуткі, што табою зноў цікавяцца сурёзныя каманды, можаш сказаць хто?

 

Пакуль нічога сказаць не магу, у канцы сезону паглядзім што будзе …

 

Пасля ўпэўненай перамогі над “Шахцёрам” гарадзенцы ўскараскаліся на чацвертае месца ў турнірнай табліцы. Можа здолеем дапаўзці да трэцяга?Наступным супернікам гарадзенцаў будзе нязменны чэмпіён Беларусі – барысаўскі БАТЭ. Мы ўсе цудоўна ведаем, як “Нёман” гуляе з моцнымі камандамі, такімі як “Дынама”, “БАТЭ”, “Шахцёр”, “Гомель” і г.д. Так што прыходзім 27 кастрычніка на гарадзенскі стадыён і падтрымліваем сваю каманду.

 

Здымкі прэс-службы ФК “Нёман”