Мірон Жук: “Усё пачалося з паездкі ў “Зубрёнок” на злёт юных ратавальнікаў”

|

Мірон, раскажы крыху пра сам пажарны спорт.


Пажарнаму спорту ў Беларусі ўжо 75 гадоў. За гэты час ён паспеў выйсці на сусветную арэну, дзе наша краіна паказвае добрыя вынікі. Гэты від спорту наўпрост звязаны з працай органаў МНС і патрабуе шмат намаганняў і канцэнтрацыі спартсменаў.

 

Усяго ў праграме спаборніцтваў чатыры віды практыкаванняў: пад’ём па штурмавой лесвіцы на чатырохпавярховай вучэбнай вежы, пераадоленне 100-метровай паласы перашкод, пажарная эстафета 4х100м і баявое разгортванне ад мотапомпы. У краіне праходзяць рэспубліканскія чэмпіянаты, дзе зборная нашай вобласці змагаецца за першыя месцы.

align=”middle” alt=”Мірон Жук, пажарны спорт, пожарный спорт в Гродно” >


Якая статыстыка гарадзенскіх спартсменаў на спаборніцтвах?

 

У гэтым сезоне ў нашай скарбонцы маюцца: бронза, срэбра і золата чэмпіянату Беларусі ў агульнакамандным заліку. Яшчэ ў нас у камандзе ёсць чальцы зборнай рэспублікі, якія ў сваю чаргу нядаўна абаранялі гонар нашай краіны на Чэмпіянаце свету, які праходзіў з 1 па 6 кастрычніка 2013 года ў горадзе Чынджы (Карэя). Нашы хлопцы годна выступілі, занялі другое месца.


У асноўным у якім узросце запісваюцца хлопцы ў пажарны спорт?

 

Звычайна прыходзяць з гадоў 12-13, з далейшай перспектывай працы ў МНС.


А ты ў колькі гадоў стаў займацца? І чаму абраў менавіта пажарны спорт?

 

Я пачаў сваю кар’еру пажарнага спартсмена ў 14 гадоў. Усё пачалося з паездкі ў летнік “Зубрёнок” на Рэспубліканскі злёт юных ратавальнікаў. Туды я паехаў для ўдзелу ў конкурсе выратавання на вадзе, бо раней я займаўся плаваннем. Там я ўбачыў, як хлопцы бегаюць, штурмуюць будынкi, і адразу вырашыў, што я хачу гэта рабіць. Спачатку спадабалася, а далей зацягнула. Ды і мара ў мяне ў дзяцінстве была – працаваць выратавальнікам.


Спорт прыносіць грошы? Цi можа ёсць асноўная праца?

 

Любая праца прыносіць грошы і я лічу, што чым больш ты ёй аддаешся, тым больш яна прыносіць.


Дык спорт – гэта і ёсць асноўная праца?

 

Так і ёсць. Таму што, як гаворыцца, за двума зайцамі пабяжыш – ніводнага не зловіш. Трэба выбіраць для сябе штосцi адно, я абраў спорт.


І шмат у нас атрымліваюць спартоўцы-пажарнікі?

 

На жыццё хапае.


А хто з’яўляецца спонсарам вашага спорту?

 

Па-першае, гэта непасрэдна само МНС, а па-другое – БФСТ Дынама.


Ходзяць чуткі, што пажарны спорт можа выйсці на алімпійскі ўзровень…

 

Вядома, было б нядрэнна, але для гэтага трэба больш каманд сусветнага ўзроўню з Афрыкі і Амерыкі. А ў нашым выпадку гэта па вялікім рахунку еўрапейскія каманды.


У цябе ёсць лепшы сябар – Павел Савіцкі. Ён добры футбаліст, чаму ты ў футбол не падаўся?

 

Я нават не задумваўся пра гэта. Калі Паша пайшоў на футбол у шэсць гадоў, я ў сваю чаргу запісаўся ў секцыю плавання. Так і пайшло ў яго ў футболе, а ў мяне ў плаванні. Пасля я закінуў плаванне, таму што не бачыў далейшай перспектывы. У нас у краіне гэты від спорту, мякка кажучы, не развіты. А Паша самі ведаеце чаго дасягае.

Вядомасць Пашы не перашкаджае вам сябраваць?

 

Ані ён, ані я, ніколькі не здрадзілі значэнню гэтага слова. Таму што кар’ера гэта кар’ера, а сяброўства гэта сяброўства. Я лічу яго вельмі добрым сябрам, спадзяюся, што ён мае такое ж меркаванне пра мяне. У нас ніколі не ўзнікала праблем у сяброўстве.


Ну а прыхільнікі (прыхільніцы) у грамадскіх месцах не перашкаджаюць?

 

Бывае, што людзі пазнаюць яго, але гэта ніколькі не перашкаджае яму сказаць “прывітанне” сваім фанатам.


А ў цябе ўжо ёсць свае прыхільніцы?

 

Так, а як без гэтага? Мая мама і мая сястра…


Апошняе пытанне. Як ты лічыш, ці ёсць будучыня ў пажарнага спорту?

 

Вядома, ёсць. Мы развіваемся ў правільным накірунку. Не за гарамі той дзень, калі нас пачнуць пазнаваць на вуліцах горада.