Праз Ліду і Наваградак пракладуць “Шлях Гедымінавічаў”
У “Шлях Гедымінавічаў” увойдуць замкі Ліды (на здымку) і Наваградка, літоўскі Тракай, польскі Люблін.
З украінскага боку ўдзельнікамі праекта стануць 10 гарадоў і гісторыка-культурныя запаведнікі пяці абласцей. У маршрут увойдуць больш за 10 украінскіх замкаў.
Удзельнікі праекта дамовіліся аб стварэнні шматмоўнага сайта праекта, распрацоўцы каталогу міжнародных турыстычных маршрутаў пад агульным брэндам “Шлях Гедымінавічаў” і аб’яднанні намаганняў па прасоўванні новага турыстычнага прадукта на нацыянальным і еўрапейскім турыстычных рынках.
На транспамежны брэнд будзе працаваць новаствораная сетка партнёрскіх турыстычных малых і сярэдніх прадпрыемстваў (гатэляў, музеяў, запаведнікаў, рэстананаў, тураператараў, перавозчыкаў).
Распрацоўваецца сімволіка праекта. Мяркуецца, гэта будзе чырвона-белая тарча з выявай вершніка і геральдычнымі матывамі Валыні, Беларусі і Літвы.
Ідэя стварэння транспамежнага маршрута належыць адміністрацыі ўкраінскага Луцку.
Ініцыятары праекта плануюць да 2015 года дамагчыся агульнаеўрапейскага прызнання турыстычнага маршрута “Шлях Гедымінавічаў” і далучэння яго да ліку культурных шляхоў Рады Еўропы.
Паводле http://www.belta.by
Здымак http://lifelida.com