Зімовыя шыны ў Беларусі стануць абавязковымі

|

 Абавязковая змена гумы адпаведна сезону будзе ўведзена з наступнага года.

Пра гэта ў эфіры Радыё Гродна паведаміў начальнік Гродзенскай абласной ДАІ Сяргей Талатай.


Хутчэй за ўсё, пераход на зімовую гуму прывяжуць не да тэмпературы, а да канкрэтных дат.

Гарадзенская ДАІ неаднаразова звяртала ўвагу кіроўцаў на мэтазгоднасць замены сезоннай гумы, але патрабаваць гэтага пакуль не мае законнага права, хоць часам зімовая гума можа ўратаваць жыццё тых, хто ў аўтамабілі.

Тым не менш, у зімовы перыяд пры накладанні адміністрацыйнай адказнасці (гэта можа быць пазбаўленне права кіравання ці проста штраф) на віноўніка ДТЗ, улічваецца, якая гума была на яго машыне. Ад гэтага залежыць велічыня штрафу ці тэрмін пазбаўлення права кіравання транспартным сродкам.

Большасць беларускіх аўтааматараў не рызыкуе і па ўласнай волі мяняе гуму з надыходам сезона галалёду.

У Літве кіроўцы абавязаныя выкарытоўваць зімовыя шыны ў перыяд з 10 лістапада па 31 сакавіка, у Латвіі – з 1 снежня па 1 сакавіка, у Чэхіі – з 1 лістапада па 31 сакавіка.

 

Паводле http://www.autogrodno.by