Гарадзенскі камінар: “Мне падабаецца вяртаць у дамы людзей цяпло і ўтульнасць”

|

Карані прафесіі камінара сыходзяць глыбока ў гісторыю. Гэты занятак зарадзіўся ў Нямеччыне, але афіцыйнай радзімай камінараў лічыцца Данія. У XVIII стагоддзі, калі прафесію афіцыйна прызналі, да камінараў ставіліся як да ніжэйшага класу. Ім нават забаронена было перасоўвацца па ходніках. Сучасныя камінары аддаюць перавагу асабістаму транспарту.

 

Адметнай рысай майстра быў цыліндр. Раней цыліндр выконваў функцыю вядзерца, куды можна пакласці якую-небудзь драбніцу: цвікі, малаточак і іншае. Зараз такі цыліндр не мае сэнсу – можна ўзяць малагабарытны, але ёмісты чамаданчык.

 

Формай камінараў быў кіцель з залатымі гузікамі. Існаваў забабон, што пры сустрэчы з камінара трэба дакрануцца да гузіка – гэта павінна было прынесці поспех. Сёння камінары выкарыстоўваюць звычайную працоўную адзежу, а кіцель, які прыносіць поспех, выконвае функцыю параднага ўбору для вясельных фотасесій, рэкламных кампаній, выстаў.

 

Раней пры чыстцы комінаў дапамагалі дзеці, якія, здаралася,захрасалі ў трубах. Сёння ўсё нашмат прасцей – ёсць спецыяльныя яршы, штатывы, пыласосы, відэаінспектары, анемометр і іншае. Працэс больш аўтаматызаваны.

 

Карэспандэнт TUT.BY сустрэлася з гарадзенскім камінарам і даведалася, чым прывабная для яго такая праца.

Як распавядае Дзяніс, да гэтага ён працаваў у сферы продажаў паслуг, у кампаніі, якая займалася прафесійнай уборкай. А вось яго бацька будуе печы. На думку Дзяніса, разам усё гэта і паўплывала на тое, што ён узяўся за ўборку печаў.

 

“Я працаваў з бацькам і разумею, як зрабіць печ або камін і як яны павінны функцыянаваць, але гэта не дастаўляе мне належнага задавальнення. Бацька – больш творчы чалавек, ён робіць эксклюзіўныя, аўтарскія рэчы, не проста функцыянальныя, але і мастацка каштоўныя працы. Але мяне гэта не захапляла”.

 

Падумаўшы крыху, Дзяніс прыйшоў да высновы, што чысткай дымаходаў у Гродне ніхто не займаецца. У вобласці ёсць толькі адна кампанія.

 

“Гэта дзяржаўная фірма, і ў іх зусім іншы падыход да выканання работ. Калі няма канкурэнцыі, ніхто асабліва не гоніцца за якасцю паслуг, зносінамі з заказчыкам і іншымі нюансамі. Я спадзяюся скласці годную канкурэнцыю”.

 

Звычайна праца камінара складаецца з двух этапаў. У першую чаргу трэба абследаваць канал, кацёл, зрабіць выснову аб працаздольнасці, а пасля гэтага, калі трэба нешта чысціць, з кліентам агаворваюцца ўмовы і парадак выканання работ. Пры першым аглядзе Дзяніс выкарыстоўвае простае люстэрка і ліхтар. Хоць прызнаецца, што ёсць спецыяльныя прыборы відэаназірання і аўтаматызаваныя прылады. Аднак у Беларусі іх цяжка знайсці, даводзіцца купляць за мяжой.

Падчас працы Дзяніс выкарыстоўвае рэспіратары, акуляры, гумовыя пальчаткі – сажай дыхаць непажадана. Калі чысціць вентыляцыю, то там прасцей: збіраюцца толькі пыл і смецце, хоць і тлушчавы нагар прысутнічае.

 

“Некаторыя заказчыкі думаюць: “Навошта да вас звяртацца, плаціць грошы, калі мы самі ўсё зробім?”. Выклікаюць, я гляджу, у чым праблема, кажу, што трэба зрабіць і колькі гэта каштуе. Задавальняе гэта не ўсіх, лічаць, што гэта дорага, спрабуюць усё зрабіць самі. Потым усё роўна мне тэлефануюць, бо самастойныя спробы (спаліць спецыяльны чысцячы парашок ці нешта аналагічнае), не заўсёды дапамагаюць.

 

Каб пачысціць печ, трэба разумець, як яна працуе. Гэта ж не проста адна труба. Тое, што я калісьці працаваў з бацькам, мне вельмі дапамагае: я разумею, як уладкованая печ”, – распавядае Дзяніс.

Як тлумачыць мой суразмоўца, жорсткай сезоннасці ў прафесіі няма. Звычайна людзі звяртаюцца да паслуг камінара тады, калі ў іх наогул ужо перастае працаваць печ і дым ідзе ў дом. Толькі кожны дзясяты штогод чысціць комін.

 

Заказчыкі бываюць розныя

 

Часцей за ўсё звяртаюцца жанчыны, але гэта зусім не значыць, што ў іх няма мужчын, якія маглі б зрабіць усё самі. Проста яны як гаспадыні больш клапоцяцца пра стан дома.

 

“Часам прыязджаеш да бабулі ў прыватны дом, і ёй трэба, каб усё гэта “абы працавала”: цябе выклікалі, таму што дым у дом ідзе ці ўсё ўжо проста ў аварыйным стане. А часам кліенты – заможныя людзі, у іх дарагі рамонт, ім трэба ўсё сістэмы перыядычна абслугоўваць, і яны не хочуць, каб заставаўся пыл – тады выкарыстоўваюцца пыласосы. Тады і самому прыемней працаваць”.

 

У гродзенскага камінара здараліся і кур’ёзныя сітуацыі. У старых дамах сумесныя вентыляцыі для некалькіх кватэр. Дзяніс папярэдзіў заказчыка, што трэба праінфармаваць суседзяў аб чыстцы, але той гэтага не зрабіў. У суседзяў, якія ні аб чым не падазравалі, паляцеў пыл з вентыляцыі. Хоць аплачваў ўсе адзін заказчык, але ён рабіў дабро для ўсіх суседзяў. Але заказаў на чыстку вентыляцыі няшмат.Часцей за тэлефануюць з прыватных дамоў.

 

“Быў адзін заказ з буйной арганізацыі. У іх там наогул не было як дыму праходзіць, а яны дзівіліся, чаму не працуе. У выніку – вынес каля 25 вёдраў сажы!”

 

Бываюць вельмі складаныя заказы, дзе трэба працаваць два дні і больш. Але нават такія выпадкі дастаўляюць Дзянісу задавальненне: бо ён вяртае людзям цяпло і ўтульнасць.

 

Колькі каштуе

 

Звычайная “бабуліна хата” з кухоннай плітой, духоўкай, печчу ў іншым пакоі – каштуе каля 900 тысяч. Для пенсіянераў 10% зніжкі.

 

“Не варта зацягваць чыстку, абслугоўванне і рамонт ацяпляльных прыбораў да моманту, калі дым перастане з трубы ісці. За ўсім патрэбен рэгулярны і пастаянны дагляд. Гэта бяспека як ваша, так і вашых суседзяў”, – кажа Дзяніс.

 

Фота з асабістага архіва Дзяніса Бабіны