Іўеўскія гісторыі: чаму Іўе стала горадам?

|

Дастаткова прайсці гэтае кола, і даведаешся, калі мястэчка ўзнікла, калі былі пабудаваны касцёл і мячэць, што цікавага тут адбывалася на працягу стагоддзяў. Цэнтральнае месца ў кампазіцыі займае найвялікшы камень, на якім адлюстрвана самая важная падзея ў сучаснай гісторыі Іўя – у 2000 годзе пасёлак стаў горадам.

Але вось цікава, чаму гэта адбылося? Ніякіх новых буйных прадпрыемстваў у гэты час тут не з’явілася, атамную станцыю, як у Астраўцы, будаваць, не пачалі. Дык з якой прычыны пасёлак з насельніцтвам крыху менш за дзесяць тысяч чалавек раптам змяніў свой статус?

 

Я зайшоў у адну іўеўскую ўстанову і задаў там гэтае пытанне. У адказ пачуў цікавую і нават у чымсьці неверагодную гісторыю пра сучасныя беларускія норавы. Па версіі маіх суразмоўцаў, падзеі адбываліся наступным чынам.

 

У 2000 г. тагачасны іўеўскі вертыкальшчык пабудаваў сабе сціплую хатку. Вядома, яму таксама трэба дзесьці жыць. Хатка была ўзведзена за дзяржаўныя грошы і лічылася службовай. Аднак гаспадару, відаць, вельмі спадабалася. І вось быццам бы дзеля таго, каб домік за невялікія грошы прыватызаваць, і была зроблена ўся гэта аперацыя з перасоўваннем Іўя з пасёлка ў горад.

Справа тут вось у чым. Калі Іўе стала лічыцца горадам, вертыкальшчык атрымаў магчымасць зрабіцца ганаровым грамадзянінам горада. А той, хто мае гэтае ганаровае званне, адначасова атрымлівае права мець у населеным пункце, дзе ён “уганарыўся”, дадатковае жыллё, незалежна ад таго, дзе ён канкрэтна пражывае. Нібыта існуе такі закон.

 

Між тым, падзеі акурат і развіваліся ў дадзеным кірунку. Вертыкальшчык стаў першым ганаровым грамадзянінам Іўя, праз некаторы час быў абраны ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ і з’ехаў у Мінск. Адначасова з гэтым яго іўеўскі дом, быццам бы, паскоранымі тэмпамі рухаўся ў бок прыватызацыі. Аднак, у апошні момант штосьці не спрацавала, і прыгожы катэдж так і застаўся службовым.

Паўтаруся, менавіта такую гісторыю мне расказалі ў адной іўеўскай установе, якую я на ўсялякі выпадак не называю. Не ведаю, наколькі гэтая версія адпавядае рэальнасці. Аднак, нават калі ўявіць сабе, што гэта цалкам легенда, то, згадзіцеся, народная творчасць нашага часу набыла ў Іўі цікавыя формы.

І я падумаў: дык добры атрымаўся б турыстычны маршрут. Дарэчы, дом, у якім жыў чыноўнік, знаходзіцца зусім недалёка ад кампазіцыі “Кола гісторыі”, у прыгожым і ціхім кутку горада Іўя.