У Гродне свята: “Нёман” зноў абыграў БАТЭ!
Пачнем з гісторыі, якая здарылася за дзень да гульні. Эссаме Гі Стэфану завітаў на трэніроўку ў традыцыйным яркім строі. Гэты модны прыкід заўважыў і галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў. “Трэба і мне самому такія рэчы набываць” – сказаў трэнер. А хлопцы ж у “Нёмане” вясёлыя, пачалі жартаваць, і хтосцi прапанаваў трэнеру апрануцца ва ўсе гэтыя рэчы. Сяргей Вітальевіч паабяцаў: “Калі Эссаме заб’е гол і ў выніку мы пераможам БАТЭ, пайду на прэс-канферэнцыю пасля гульні ў стылі Эссаме”.
Чаго і варта было чакаць, людзі на сённяшні матч пайшлі. У пратаколе пасля матчу было напісана 3500 чалавек. Гэта, вядома, нельга параўноўваць з летнім матчам з барысаўчанамі, калі на перамогу гарадзенцаў прыйшло паглядзець 5500. Але ж 3500 чалавек гэта значна лепш чым 1000 на папярэднім матчы з “Шахцёрам”.
Барысаўская каманда прыехала ў Гродна без свайго лідара Аляксандра Глеба – гулец атрымаў траўму на трэніроўцы. Што тычыцца астатняга складу БАТЭ, то ўсё было ў норме.
Цяпер пра гульню. Пачатак матчу застаўся за гарадзенцамі. Першыя 15 хвілін “Нёман” спрабаваў забіць хуткі гол, але ў выніку не атрымалася. Самым небяспечным і цікавым момантаў за гэты час быў удар Яўгена Савасьцьянава з метраў трыццаці. Пасля барысаўчане выраўнялі гульню і стварылі шэраг небяспечных нападаў. Ужо ў канцы першага тайма былі шанцы забіць у “Нёмана”. Добра ў цэнтры дзейнічалі Эссаме і Салавей, якія некалькі разоў выводзілі Зубовіча наперад. Але хуткасці ў Ягора не хапала, ды і прыём быў не з лепшых.
Пачатак другога тайма застаўся за БАТЭ, гарадзенцы тым часам строга дзейнічалі ад абароны і гулялі толькі на контратаках. Моманты былі, але з завяршэннем былі праблемы. Не ішла гульня ў Зубовіча, які з’яўляўся адзіным нападаючым у “Нёмане”. Гэтак жа наперадзе Ягору дапамагаў і Эссаме.
Варта адзначыць вяртанне Лягчыліна, першы раз у гэтым сезоне Аляксей выйшаў у старце. Нагадаем, паўабаронцу пераследуюць старыя траўмы. Што тычыцца гульні Лягчыліна, то ён адыграў добра, але траўмы нагадвалі пра сябе, у выніку яго замянілі.
БАТЭ тым часам не спаў, а ўзмацнiў гульню Паўлавым. Выхад гульца ярка запомніўся тым, што ён адразу мог трапіць у вароты гаспадароў, але крыху не хапіла паўабаронцу БАТЭ. Пасля Паўлаў меў яшчэ адзін супермомант, але гарадзенцам пашанцавала, што ў варотах надзейна сыграў Чэрнік. “Не забіваеш ты, забіваюць табе”. Адна з шматлікіх контратак “Нёмана” ў другім тайме заканчваецца голам, аўтарам якога стаў Эссаме Гі Стэфану. Навес Раўнейка з правага флангу прыляцеў прама на галаву Эссаме, які эфектна прабіў левую дзявятку. Радасці не было мяжы.
Пасля гала гарадзенцы стараліся гуляць на ўтрыманне ліку. Шчыра сказаць, ім гэта ўдалося. Суддзя дадаў чатыры хвіліны і “Нёман” выстаяў. Гледачы, якія прыйшлі ў гэты дзень на футбол, апладзіравалі стоячы.
Пасля матчу Сяргей Саладоўнікаў, як і абяцаў, прыйшоў апрануты ў стылі Эссаме.
– Перш за ўсё, мне хочацца расказаць адну гісторыю. Напярэдадні матчу Гі Эссаме прыйшоў на трэніроўку ў сваім арыгінальным модным прыкідзе. І я яму сказаў: “Калі заб’еш гол галавой заўтра і мы пераможам, то я апрану твой пінжак і твае акуляры на прэс-канферэнцыі”. Таму я, як мужчына, выконваю сваё абяцанне.
З гэтымі словамі Саладоўнікаў пад апладысмэнты апранае арыгінальны пінжак і вялікія цёмныя акуляры.
– А што да матчу, то я ўдзячны камандзе, што сёння хлопцы змаглі вытрымаць і дамагчыся выніку. Я перакананы, што з камандамі ўзроўню БАТЭ можна гуляць паспяхова, пры рэалізацыі неабходных тактычных схем, самааддачы , а таксама за кошт фарту і шанцавання. Сёння можна сказаць, што ў мяне святочны настрой.
Пасля гэтай перамогі ў табліцы стала ўсё яшчэ больш шчыльна. Што будзеце рабiць на фінішы сезону – барацьбу за трэцяе месца, альбо захаванне чацвёртага радку?
– Думаю, гэта рытарычнае пытанне, мы ідзем ад матчу да матчу і будзем настройвацца на кожнага суперніка. Мы разлічваем завяршыць сезон як можна больш паспяхова.
Пасля перамогі над лідарамі, “Нёман” умацаваў сваю пазіцыю на чацвёртым месцы з сарака ачкамі ў актыве, на трэцім ідзе мінскае “Дынама” – 47 ачэй. Бліжэйшы праследавальнік “Нёмана” – “Тарпеда” (39) і Гомель (37).
Наступную гульню гарадзенцы правядуць з мінскім “Дынама”, матч пройдзе ў сталіцы 2 лістапада.
Здымкі прэс-службы ФК “Нёман”