Хакейны “Нёман” змог адыграцца і перамагчы “Гомель”
Госці ў першым перыядзе адкрылі лік намаганнямі Яўгена Хузеева. У другім перыядзе гледачы закінутых шайбаў не ўбачылі. У заключным трэцім перыядзе Аляксей Бадун зраўняў лік. А ўжо ў канцоўцы сустрэчы, на 55-й хвіліне матча, Віктар Андрушчанка ў большасці закінуў шайбу і прынёс “Нёману” перамогу з лікам 2:1.
“Нёман” – “Гомель” 2:1 (0:1, 0:0, 2:0)
Шайбы закідвалі:
0:1 Яўген Хузееў (Аляксей Шагаў, Арцём Бажко) 12:32
1:1 Аляксей Бадун (Сяргей Дрозд, Анатоль Пратасеня) 45:50
2:1 Віктар Андрушчанка (большасць) (Вячаслаў Лісічкін,Сяргей Дрозд) 54:59
Пасля матчу Дзмітрый Краўчанка:
– Сёння была нервовая гульня, эмацыйна напружаная для нас – з улікам таго, што ў нас ужо чацвёрты матч запар з аднымі і тымі ж супернікамі. Гомель і Жлобін – гэта вельмі моцныя супернікі. Я сказаў гульцам, што для мяне ачкi, здабытыя ў гэтых матчах, маюць падвойную каштоўнасць. Не ў плане перамогі, а ў плане калектыву. Таму што такія гульні, калі вытрымліваеш, церпіш, гуляеш да канца, вельмі моцна падымаюць камандны дух. Спадзяюся, што для нашага калектыву гэта вялікі плюс. Дачакаліся, выцерпелі, трывалі, дзе трэба, і давялі да перамогі. Дзякуй камандзе, а таксама заўзятарам за падтрымку.
Гэта апошні хатні матч перад міжнароднай паўзай, запланаванай на першую палову лістапада. Чым будзеце займацца ў гэты перыяд? Можа, паедзеце куды-небудзь гуляць спарынгі? Ці будзеце рыхтавацца ў Гродне?
– Мы будзем глядзець, каго прыцягнуць у зборную. А так – давайце адыграем яшчэ дзве гульні, трэба паспрабаваць правесці іх максімальна, прыкласці намаганні. А потым ужо будзем казаць аб тым, што будзе далей.
Ці будзеце неяк запаўняць легіянерскую квоту?
– У нас няма на гэта часу. Нават калі ёсць пэўныя сродкі, невялікія, знайсці кагосці ў сезоне вельмі складана. Мы зыходзім з таго, што тыя спартсмены, якія зараз ёсць у камандзе, максімальна выкладваюцца і выглядаюць годна, за што ім вялікі дзякуй. У той жа час, пошук у нас не спыняецца. Можа, нешта і будзе…
На гульцоў з “Дынама” не разлічваеце?
– “Дынама” адных паклікала, другіх адпускае да нас. Мы ж іх фарм-клуб. Дай Бог, каб яны ў нас раслі, потым вярталіся ў асноўны склад “Дынама” і гулялі.
Бліжэйшая міжнародная паўза – гэта на карысць для “Нёмана” цяпер?
– Трэба зыходзіць з таго, што нам у пачатку лістапада трэба вельмі добра папрацаваць, а потым вельмі добра аднавіцца і адпачыць. Плюс згуляць тры гульні да Кантынентальнага кубка – супраць “Шахцёра”, “Юнацтва” і “Віцебска”.
P.S. Варта адзначыць, што Іван Усенка, які нядаўна папоўніў шэрагі мінскага “Дынама”, у сваім першым матчы за “зуброў” адзначыўся шайбай. Толькі яна не стала пераможнай, мінчукі прайгралі з лікам 2:4.