Як мы адзначалі 7 лістапада 1983 г.
Памятаю, што дзень быў па-сапраўднаму зімовы, марозны і снежны. Мы, студэнты філфака Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, доўга тапталіся на адным месцы непадалёку ад галоўнага корпуса па вуліцы Ажэшкі. Да нас даносіліся гукі святочнай музыкі, нейкія крыкі накшталт “ура!”, быццам байцы штурмавалі варожую вышыню. Мы цярпліва чакалі.
Сцэнар быў традыцыйны. Спачатку міма трыбун на Савецкай плошчы павінны былі прайсці прадстаўнікі буйной прамысловасці, якая характарызавала імклівае індустрыяльнае развіццё горада: “Азота”, “Хімвалакна”, завода карданных валаў… Потым ішоў пралетарыят з заводаў крыху меншых, прадстаўнікі розных, часамі незразумелых кантор. У хвасце калоны пляліся студэнты ды школьнікі.
Хацелася хутчэй скончыць з гэтай “абавязалаўкай” і разысціся па дамах. Аднак, за намі пільна прыглядалі выкладчыкі. Жаданне ўцячы таксама моцна стрымлівалі розныя транспаранты і партрэты правадыроў, якія выдаваліся не агулам, а пад асабісты роспіс канкрэтнаму чалавеку. Такім чынам, зрабілася немагчымым выкінуць рэквізіт у бліжэйшую сметніцу ды зрабіць ногі.
І тут са спазненнем у нашай калоне з’явіўся аднакурснік, які прынес неверагодную навіну. “Слухайце, – азіраючыся па баках, ціха прагаварыў ён. – Толькі што паглядзеў рэпартаж з Чырвонай плошчы. Не было яго на маўзалеі”.
Нам не трэба было тлумачыць каго. Па ўніверсітэце ўжо некалькі тыдняў паўзлі ўпартыя чуткі, што першая асоба ў дзяржаве, Генеральны сакратар ЦК КПСС Юрый Андропаў, цяжка хварэе і вось-вось памрэ. Аднак, які б хворы ён ні быў, 7 лістапада, хаця б на некалькі хвілін, павінен з’явіцца на трыбуне маўзалея Леніна ў Маскве.
Яго папярэднік, дарагі Леанід Ільіч Брэжнеў, за тры дні да смерці, 7 лістапада 1982 г., хоць і хістаўся, але стаяў на сваім звыклым месцы. А тут правадыр увогуле адсутнічаў. Што гэта магло азначаць?
“Скапыціўся”, – упэўнена сказаў той, хто прынес нечаканае паведамленне. І раптам нейкая незвычайная весялосць ахапіла нашу калону. Мы пачалі нешта выкрыкваць і смяяцца, быццам пачуўшы добры анекдот. Падазрона гледзячы на студэнтаў, засноўдалі туды-сюды выкладчыкі. Тут нехта заспяваў песню, некалькі чалавек пад гэтыя спевы пачалі адплясваць на месцы. Карацей кажучы, такой вясёлай дэманстрацыі ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі я яшчэ не бачыў.
На наступны дзень нас чакала пэўнае расчараванне. Як тады жартавалі, не прыходзячы ў прытомнасць, Юрый Андропаў яшчэ некалькі месяцаў працягваў кіраваць вялікай краінай. Узяўшы з яго прыклад, на наступны год я проста на традыцыйную лістападаўскую дэманстрацыю не пайшоў, даўшы сабе слова больш ніколі не ўдзельнічаць у пампезных камуністычных мерапрыемствах.
У 1987 г. я апынуўся перад складанай дылемай. Я жыў у той час у Іўі, святочнае шэсце хацеў традыцыйна ігнараваць. Аднак усім удзельнікам дэманстрацыі паабяцалі, што пасля завяршэння яны змогуць набыць па дзве бутэлькі піва ў адныя рукі. Нагадаю, што спіртовыя напоі ў той год прадаваліся па картках, а півам затарыцца можна было толькі выпадкова, калі вельмі пашчасціць.
Вось тут я і задумаўся. Ісці і махаць перад райкомаўскім начальствам чырвоным сцяжком я ўсё ж адмовіўся. Да пункту продажу піва прабіраўся нейкімі дварамі, два разы пераадольваў агароджы. Карацей кажучы, у выніку “закасіў” пад дэманстранта і стаў шчаслівым уладальнікам ажно цэлага літру “Жыгулёўскага”. Чым не свята для тагачаснага савецкага чалавека?