Вядомы польскі пісьменнік з Падляшша Ігнацы Карповіч завітае ў Гродна
Сустрэча са студэнтамі запланавана на 12.00. Адкрытая сустрэча з жыхарамі Гродна распачнецца ў 17.00 у Генеральным Консульстве РП па вул. Будзёнага 48а.
Цікавае інтэрв’ю з пісьменнікам і фрагмент аднаго з раманаў у перакладзе на беларускую змяшчаў у 2008 годзе часопіс pARTisan.
Ігнацы Карповіч – польскі празаік, перакладчык з ангельскай, гішпанскай і амхарскай моваў, падарожнік. Першыя гады жыцця правёў у вёсцы Случанка, пазней з бацькамі пераехаў у Беласток. Вучыўся ў беластоцкім ліцэі імя Адама Міцкевіча, потым у Варшаўскім універсітэце па праграме Міжфакультэцкага індывідуальнага гуманітарнага навучання, дзе займаўся ў асноўным гішпанскай і партугальскай філалогіяй, а таксама афрыканістыкай. З 2002 па 2006 жыў у асноўным у Паўднёвай Амерыцы. Цяпер жыве ў Варшаве і часам у Беластоку.
У 2006 годзе выдаў дэбютны раман “Niehalo”, у 2007 – раман “Cud”, у 2010 – раман “Balladyny i romanse”. Апошняя яго кніга пад назвай “Ości” выйшла ў гэтым годзе. Неаднаразова намінаваўся на прэстыжную польскую літаратурную ўзнагароду Nike, атрымаў узнагароду “Paszport Polityki 2010”. |
||
Здымак Grzegorz Dąbrowski / Agencja Gazeta