“Нёман” прайграе дома “Гомелю” і губляе шанцы быць у тройцы лідараў
У гэты восеньскі выхадны дзень паглядзець на набраўшы абароты “Нёман” прыйшла вялікая колькасць гледачоў. Людзі прыйшлі паглядзець і парадавацца, як Гродна атрымлівае чарговую перамогу.
Чаго і варта было чакаць, гаспадары пачалі актыўна, але справа да небяспекі ля варот так і не даходзіла. Да сярэдзіны першага тайма “Гомель” выраўняў гульню і стварыў шэраг нападаў, якія скончыліся безвынікова. У складзе “Нёмана” актыўнічаў усё той жа Эссаме. Вось толькі партнёры па камандзе не разумелі тактыку камерунца. Сэм даваў выдатныя перадачы на Зубовіча, здавалася б, прабі Ягор і будзе гол, але нападніку “Нёмана” не шанцавала.
Гэтак жа варта адзначыць гульню Салаўя: паўабаронца “Нёмана” вельмі актыўна змагаўся за кожны мяч і некалькі разоў абвастраў сітуацыю блізу брамы “Гомеля”. У канцоўцы першага тайма госці мелі добры шанец забіць гарадзенцам гол у распранальню. Мяч пасля стандарту, які ляцеў пад перакладзіну, выцягнуў Чэрнік.
Канцоўка першага тайму. Рудзік мог вывесці каманду наперад. На шчасце для “Нёмана”, удала зайграў Чэрнік
Павел Савіцкі ў гэты дзень быў малазаўважны
У другім тайме гаспадары ажывіліся і ўсё часцей і часцей сталі пагражаць варотам гасцей. Гэта прынесла плён: на 62 хвіліне вароты суперніка паражае Аляксей Лягчылін. Зубовіч ў барацьбе з супернікам вывеў Лягчыліна адзін на адзін з Лясько, далей была справа тэхнікі. Аляксей перакінуў кiпера і лік стаў 1:0.
Аляксей Лягчылін, аўтар гола ў вароты “Гомеля”
Пасля гала “Гомель” узмацняецца Блізнюком, які выйшаў на замену. Не прайшло і пяці хвілін, як дасведчаны нападаючы выраўноўвае лiк. А праз 10 хвілін выводзіць сваю каманду наперад. Заўзятары нічога не разумеюць: як так?
Эссаме не баіцца браць гульню на сябе
Пасля другога гола гаспадары ажывіліся і ўспомнілі, што яны гуляюць дома. Атака за атакай абвальвалася на вароты “Гомеля”, але ўпэўнена дзейнічаў галкіпер Лясько, які не даваў гарадзенцам больш вызначыцца. Саладоўнікаў усялякім чынам спрабаваў змяніць сітуацыю, выпусціўшы Лявіцкага і Бомбеля. Але хлопцы нават толкам не кранулі мяча. Чарговы шанец выпускаў Зубовіч: Ягор у гэты дзень мог забіць больш за два галы.
Не шанцавала ў гэты дзень Ягору Зубовічу
Уладзімір Весялінаў
Ужо ў канцоўцы сустрэчы Яблан меў цудоўны шанец выраўнаць лiк, але пасля яго ўдару мяч выцягнуў Лясько.
Нёман прайграе, тым самым губляючы шанцы на трэцяе месца. У выпадку перамогі над “Гомелем” гарадзенцы мелі б рэальныя шанцы быць у тройцы лідараў, адстаючы ад “Дынама” на два ачкі. Але сенсацыі не адбылося, “Нёман” застаўся на чацвертым месцы, дзе яго пераследуе магутнае “Тарпеда”. Нагадаем, што ў гэтым сезоне падапечным Сяргея Саладоўнікава не ўдавалася абгуляць каманду з Жодзіна.
Здымкі Яраслава Ванюкевіча, прэс-служба ФК “Нёман”