Этна-Friday у Гродне: выстава і ток-шоў пра натхненне народным мастацтвам
Буслы, зубры, васількі, саломка, рушнік з арнаментам… Музейныя экспанаты, тавары ва ўнівермагу з аддзела сувеніраў ці неабходныя рэчы для кожнага сучаснага чалавека?
Пакуль у Беларусі толькі-толькі пачынаюць асэнсоўваць сваю традыцыйную культуру, у суседніх краінах этнаграфічная спадчына займае ўсё больш месца ў паўсядзённасці гараджан.
Убачыць чалавека ў вышыванай кашулі альбо сукенцы на вуліцах Кіева ці Львова – звычайная з’ява. Ва Украіне вышыванку можна купіць нават у падземным пераходзе. У Польшчы распаўсюджаны крамы з прадметамі інтэр’ера, аддзеннем і многім іншым, што зроблена рукамі майстроў і дызайнераў паводле культурных матываў таго ці іншага рэгіёну. Самая старая сетка крамаў “Cepelia” працуе ўжо амаль 30 год.
Як беларускія творцы і вытворцы могуць адказаць на ўзрастаючы попыт на т. зв. этнадызайн? Як выкарыстоўваць культурную спадчыну сёння? Ці можа быць этнадызайн бізнэсам? Ці гэта справа за ідэю? Як зрабіць, каб саломка, буслы і вышыванкі сталі атрыбутам паўсядзённасці без вяртання ў “каменны век”?
Пра ўсё гэта гаворка пойдзе пад час ток-шоў “Саломка і буслы: разбураем стэрэатыпы!”
У размове пра натхненне народным мастацтвам чакаецца ўдзел:
– Алена Трафімава (www.alenatrafimava.com), прамысловы дызайнер, выпускніца факультэта дызайна Акадэміі мастацтваў (Кракаў), каардынатар “Этнапраекта”
– Ігар Міхна, кіраўнік этнакрамы “Рагна” (Мінск)
– Яўгенія Станіна і Вадзім Лагун, гаспадары галерэі “Ткалля” (Гродна)
Ток-шоў спалучана з адкрыццём выставы “Этнапраект. Польска-беларускія этнаграфічныя практыкі ў маладым дызайне”. Маладыя дызайнеры з Беларусі і Польшчы цягам двух тыдняў вандравалі па вёсках гістарычных рэгіёнаў абедзвюх краін, наведвалі лекцыі і майстар-класы па традыцыйнай культуры. У выніку ўдзельнікі пераасэнсавалі паняцце народнай, традыцыйнай культуры і стварылі свае праекты. У іх аб’ядналіся сучаснасць і традыцыя. На вернісажы будуць прадстаўлены працы ўдзельнікаў ІІ (2012 г.) і ІІІ выпускаў (2013 г.).
Выстава “Этнапраект. Польска-беларускія этнаграфічныя практыкі ў маладым дызайне” працягнецца да 1 снежня 2013 г.
22 лістапада Пачатак 18.30 Антыкафэ “Живое время» (вул. В. Траецкая, 48) Уваход 35 000 руб. |
||
Спецыяльны бонус для дзяцей і бацькоў: аўтарскі цмачыны майстар-клас ад Алены Трафімавай!
Дызайнер пакажа, як зрабіць цацачнага цмока з экалагічнай сыравіны. Усе матэрыялы і інструменты прадстаўляцца на месцы. Больш пра цмока на smoklatajacy.pl.
23 лістапада Пачатак: 12.00 Антыкафэ “Живое время» (вул. В. Траецкая, 48) Уваход: 60 000 руб. |
||
Дадатковая інфармацыя:
+375 29 7843221, +375 29 1068594 (Хрысціна Марчук, вядучая ток-шоў)