20 тысяч за еўра: што і за колькі прадаюць у беларускіх duty free

Велізарны надпіс на краме “Мы адкрыліся! 24 гадзіны, 7 дзён у тыдзень” – быццам заклік зайсці і азнаёміцца з асартыментам. Паколькі магазін адкрылі нядаўна, айчынных тавараў яшчэ не было на прылаўках, іх падвезлі пазней і не паспелі выставіць на вітрыны. Са слоў адміністрацыі, гэта стандартны набор: алкаголь, касметыка, кандытарскія вырабы і галантарэя.

 

За час нашага знаходжання ў краме пакупнікоў заходзіла няшмат. У асноўным людзі куплялі алкаголь і цыгарэты. Па словах работнікаў крамы, гэта самыя папулярныя тавары. Шматлікія пакупнікі заходзілі без пашпарта і вымушаныя былі прыходзіць яшчэ раз – прадаць любы тавар у магазіне бяспошліннага гандлю могуць толькі па прад’яўленні пашпарта.

 

У “д’юціку” кошты прадстаўленыя ў беларускіх рублях і еўра. Кошт у рублях лічаць там па курсе 20 тысяч за адзін еўра – значыць разлічвацца выгадней у замежнай валюце альбо карткай (грошы спісваюцца па валютным курсе банка, які выдаў картку).

Да прыкладу, літр вядомай гарэлкі можна купіць за 12 еўра, або 240 тыс. Літр амерыканскага віскі каштуе 24 еўра, або 480 тыс. рублёў. За літр папулярнага вермута прыйдзецца заплаціць 8 еўра, або 160 тыс. рублёў. Цэны на віно пачынаюцца ад 4 еўра і сканчаюцца ў межах 16 еўра, у беларускіх рублях адпаведна ад 80 тыс. да 320 тыс.

 

Цэны на некаторыя маркі цыгарэт складаюць 1,20-1,45 еўра за пачак, што (у пераліку па курсе Нацбанка) на 15-45% вышэй, чым у беларускіх гіпермаркетах.

Парфума і касметыка прадстаўлена вядомымі маркамі: Boss, Versace, Dolce & Gabbana, Gucci, Lacoste, L’Oreal. Цана, напрыклад, за 100 мл Boss Bottled Sport – 59 еўра , або 1 млн 121 тыс. рублёў.

 

Шырока прадстаўлена шакаладная прадукцыя. Трыста грамаў шакаладу Milka можна купіць за 3,30 еўра, або 65 тыс. У крамах Беларусі за 100 грамаў такога шакаладу можна заплаціць 11 тыс.

Паколькі ў наш візіт у краме зусім не было беларускіх тавараў, вонкава ён быў вельмі падобны да duty free з літоўскага боку: тыя ж шэрагі гарэлкі, розныя віскі і ромы, з салодкага – Toblerone, M&M’s, і Haribo, а таксама шмат касметыкі, зусім не таннай.

 

Нам удалося зазірнуць у накладныя і даведацца цэны на беларускія тавары, якія ўжо прыбылі ў краму, але не паспелі трапіць у продаж. Напрыклад, сувенірная бутэлька беларускай гарэлкі будзе каштаваць 75 тыс. рублёў, за гэтыя ж грошы можна будзе купіць 0,5 л бальзаму. Шакалад “Любімая Алёнка” – па 16 200 рублёў за 100 грамаў.

 

Як распавядаюць працаўнікі крамы, замежныя грамадзяне пры выездзе цікавяцца таварамі беларускай вытворчасці. Шмат розных тавараў у адным месцы – добра для тых, хто едзе далёкімі рэйсамі і хоча прывезці дадому сувенір з Беларусі.

 

Крыніца: TUT.BY