У Беластоку аб’явілі набор у памежнікі. Наплыў ахвотных заблакаваў тэлефонную лінію
Раней каб зарэгістравацца і праходзіць адбор трэба было прыносіць дакументы асабіста – гэта стварала гіганцкія чэргі. Таму было вырашана рэгістраваць зацікаўленых праз тэлефон. Адначасова на нумар, які абслугоўвалі тры аператары, званіла больш за 30 чалавек, таму лінія аўтаматычна блакавалася.
Польскія памежнікі маюць у Падляшскім ваяводстве 150 вакансій на 2014 год, плануюць прыняць 500 заявак. За чатыры гадзіны працы тэлефоннай лініі ў серады яны прынялі 171 заяўку.
Мінулым разам, калі памежнікі набіралі 152 чалавекі каб закрыць вакансіі на 2013 год, яны атрымалі больш за 1400 заявак. Кандыдатам прыходзілася чакаць у чэргах больш за 10 гадзін.
У Польшчы пры наборы ў такія службы як памежнікі, мытнікі, пажарныя ці паліцыя бываюць нават дзясяткі ахвотных на адну вакансію. Гэта тлумачыцца стабільнасцю працы, часткова прэстыжам і ранейшай пенсіяй. Стаць памежнікам можна ўжо з сярэдняй адукацыяй. Пачаткоўцы будуць атрымліваць чыстымі 1700 злотых у месяц.
Паводле poranny.pl
Здымак PAP/Maciej Kulczyński