Выстава, якая кажа пра адзінства: іконы з міжнароднага пленэра паказваюць у Каложы
“Сёння мы святкуем дзень памяці арханёла Міхаіла. А адкрыццё ікон святых непадзеленай царквы, якія шануюцца і на Захадзе, і на Усходзе, кажа пра нашае адзінства, – такую думку выказаў настаяцель прыходу Каложскай царквы протаіерэй Аляксандр Балоннікаў. З гэтым ваказваннем пагадзіўся і генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч у сваім прывітальным слове.
Сучасныя вобразы Збавіцеля, Прысвятой Багародзіцы, Пасланцаў Божых Старога Запавету, Апосталаў і Святых прадстаўлены ў найстарэйшай святыні горада. Іконы – гэта лепшыя работы мастакоў па выніках міжнароднага іканапіснага пленэра ў Новіцах (Польшча).
Галерэю фота з выставы глядзі тут | ||
Па словах арганізатараў, праект выставы спачатку планаваўся як пэўны эксперымент. Узнікла ідэя далейшага развіцця сакральнага мастацтва. Так быў арганізаваны першы іканапісны пленэр у 2008 годзе. Далейшыя сустрэчы іканапісцаў у Новіцах сталі традыцыяй. Сёлета пленэр адбыўся ў пяты раз. Ён з’яўляецца міжнародным, бо ў ім ўдзельнічаюць мастакі з Польшчы (Губерт Кампа, Катажына Якубоўская, Агата Шлык і др.), Беларусі (Віктар Доўнар, Наталля Лос, Мікалай Доўнар і др.), Украіны (Сафія Білык, Святаслаў Владыка, Іванка Дземчук і др.). У пяці пленэрах узялі ўдзел больш за 70 мастакоў, якія напісалі больш за 250 ікон, прадстаўленых на 20 выставах.
Прысутныя на афіцыйным адкрыцці выставы ў Каложскай царкве ацанілі творчасць мастакоў, якія ўдала спалучаюць традыцыі з сучаснымі сродкамі мастацкай выразнасці. Меркаванні гасцей выставы сышліся на тым, што сумесная выстава, якая прадстаўляе сучаснае сакральнае мастацтва пачатку ХХІ стагоддзя, садзейнічае аб’яднанню хрысціян розных канфесій і нацыянальнасцяў.
Наведаць выставу можна будзе да 8 снежня.
Здымкі Яна Лялевіча