Стогадовы арган адрэстаўравалі ў Вялікіх Эйсмантах
На ўрачыстасці прысутнічалі парафіяне, госці, святары з Бераставіцкага дэканату, Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч, прадстаўнік мясцовых улад Віталій Ляховіч, а таксама Раман Біспінг з жонкай, сям’я якіх была адным з асноўных ахвярадаўцаў.
Пасля св. Імшы можна было паслухаць арган, на якім іграў вядомы ў Гродне арганіст спадар Брунан (на фота вышэй). Спявала спадарыня Вольга, салістка гродзенскай капэлы.
Ідэя рэстаўрацыі паступіла ад пробашча парафіі – кс. Мікалая Ціхановіча. Фінансавая падтрымка ішла ад Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Другую палову грошай ахвяравала сям’я Біспінгаў – прадстаўнікі шляхецкага роду, які падараваў гэты арган касцёлу і валодаў некалі тутэйшымі землямі.
Падчас ацэначных работ высветлілася, што арган быў зроблены фірмай Вацлава Бернадскага з Вільні і мае больш за 100 гадоў, але добра захаваўся.
Рэстаўрацыйныя работы праводзіла беластоцкая фірма Кшыштафа Грэговіча з канца ліпеня гэтага года.
Здымкі Вікторыі Жэлдак, grodnensis.by