Чацвёрты “LO_ok” прэзентавалі “на Кубе”

Натоўп у гэты вечар у “Кубе” быў такі, што не хапала не толькі крэслаў, а нават вольнага месца, каб стаць. Але для заўсёднікаў “Кубы” гэта нармалёва. Абяцаным сюрпрызам была адмысловая картка, за якую можна было атрымаць сэндвіч, безалкагольны кактэйль ці іншы напой на любы густ.

Адкрыў вечар музыка Нортан. Ён адрасаваў пару цеплых слоў галоўнай рэдактарцы Птушцы і ілюстратарцы Канстанцыі (на фота вышэй), а таксама ўсёй рэдакцыі. Яшчэ ён згадаў, якім “LO_ok” быў раней, крытычна ацаніў эвалюцыю, але прыйшоў да высновы, што чацвёрты нумар “вельмі нават нічога”. Можа, таму, што там быў змешчаны яго артыкул пра цяжкасці ваеннай службы?

Пасля “афіцыйнай” часткі, якая заключалася ў праглядзе часопіса і слуханні запрошаных музыкаў, пачалася звычайная пятнічная барная весялуха. “Куба” віравала: хтосьці бегаў пакурыць, хтосьці проста піў, хтосьці спяваў на вуліцы, радуючы жыхароў дома, іншыя спявалі і танцавалі ў памяшканні.

Рэдакцыя святкавала выпуск часопіса, якога не было амаль што год. Больш цвярозыя хуценька звалілі. Засталіся тыя, пра каго спявалі “Смысловые галлюцинации”: “Вечно молодой, вечно пьяный”…

 

Дарэчы, нумар прысвечаны 150-годдзю паўстання Кастуся Каліноўскага. Унутры знаходзяцца яшчэ сюрпрызы, якія мы не будзем раскрываць.

 

Не кожны ведае, колькі на самой справе працавалі журналісты, фатографы і ілюстратары, каб часопіс атрымаўся менавіта такім. І калі сведкі гэтых намаганняў пабачылі вынік, то шчыра узрадаваліся: усё атрымалася. Менавіта так, як яны і планавалі.

 

Здымкі Майка Шыдэра і часопіса LO_ok