Грамадскія арганізацыі заклікалі ЕС спрасціць візавы рэжым з Беларуссю

|

У прыватнасці, актывісты кааліцыі заклікалі ЕС выдаваць беларусам больш шматразовых візаў, а таксама зменшыць ці цалкам скасаваць плату за візы.

 

«Грамадская кааліцыя „У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!“ […] заклікае дзяржавы ЕС заставацца прыхільнымі да выкарыстання гнуткасцяў Візавага кодэксу ЕС, у тым ліку выдачы большай колькасці шматразовых віз з тэрмінам дзеяння ад шасці месяцаў да пяці гадоў (што прадугледжана існуючым Візавым кодэксам) і скасавання візавых збораў для асобных катэгорый грамадзян», — гаворыцца ў звароце.

 

Зварот быў накіраваны ў Міністэрствы замежных справаў краін ЕС, што маюць консульскія ўстановы ў Беларусі, а таксама ва ўстановы ЕС у Бруселі.

 

Аўтары звароту адзначылі, што «попыт беларусаў на шэнгенскія візы яшчэ не задаволены». І гэта нягледзячы на сталы рост колькасці выдадзеных беларусам візаў, а таксама адну з самай невысокіх у свеце долю адмоваў у візах.

 

Акрамя гэтага прадстаўнікі кааліцыі адзначылі, што з-за дзейнасці пасярэднікаў некаторым беларусам за візы даводзіцца плаціць болей за ўсталяваную ЕС цану ў 60 еўра.

 

Грамадская кааліцыя «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» (працоўная назва «Без візы!») была створаная ў сакавіку 2011 г. шэрагам беларускіх арганізацый і даследчых інстытутаў пры падтрымцы партнёраў з краін Еўрапейскага Саюзу. Мэта кааліцыі — адстойванне ідэі бязвізавага руху паміж Беларуссю і іншымі еўрапейскімі краінамі.