Аматарам зімы: у “Крызе” адбыўся вернісаж жывапісу Вацлава Рамашкі
Першае слова пра мастака і выставу госці пачулі ад гаспадыні галерэі Марысі Мацко:
“Карціны Вацлава Рамашкі цікавыя тым, хто любіць зіму, жывапіс, і тым, хто любіць адпачываць на сваіх сядзібах. У гэтых працах – нашыя мясціны, прырода. Мы цэлы год рыхтаваліся. Вацлаў вельмі сур’ёзна падыйшоў да гэтай выставы. Ён – еўрапейскі мастак. Тэатр пачынаецца з музыкі, а працы мастака – з дробязяў, а іх тут няма, бо гэта – сур’ёзны мастак”.
На фота Марына Загідуліна, Вацлаў Рамашка, Марыся Мацко
Старшыня саюзу мастакоў Уладзімір Савіч, па словах спадарыні Марысі, за дзень да адкрыцця быў у галерэі і высока ацаніў творчасць Рамашкі, назваўшы карціны вельмі прафесійнымі.
На палотнах адлюстраваныя краявіды Гарадзеншчыны, Браслаўшчыны, Польшчы, тых мясцін, дзе аўтару давялося быць.
Сам мастак вельмі дзякуе за дапамогу і натхненне свайму сыну і жонцы.
Падчас адкрыцця Вацлаў заўважыў:
“Цяжка адкрываць выставу пасля Нікаса Сафронава, але я упэўнены, што я сёння атрымаў значна больш эмоцый, чым ён”.
Сябра Гарадзенскага аддзялення Саюзу мастакоў Марына Загідуліна назвала працы аўтара добрымі, пазітыўнымі, адметнымі сваім беларускім светапоглядам:
“У гэтай колькасці краявідаў кожны знойдзе сваю канкрэтыку, якая адлюстроўвае беларускую прыроду і душу. Вацлаў – пазнавальны. Лёгкасці, акварэльнасці – усяго гэтага ён дасягае ў жывапісным мастацтве. Яго работы ствараюць добры настрой”, – падкрэсліла Марына.
Павіншаваць Вацлава Рамашку з прэзентацыяй таксама прыйшоў кіраўнік Саюзу польскіх мастакоў на Беларусі Станіслаў Кічко.
Валянціна Брысач – кіраўнік таварыства мастакоў і майстроў народнай творчасці “Гарадзенскі каларыт” – не толькі выказала свае пачуцці і ўражанні ад убачанных палотнаў, але і ўручыла прэзент іх аўтару.
У галерэі прысутнічаў і Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч (на фота справа). Ён таксама выступіў і адрасаваў свае пажаданні гарадзенскаму творцы.
Прэзентацыя карцін суправаджалася лютневай музыкай ў выкананні вядомага гарадзенскага гітарыста Уладзіміра Захарава.
Вацлаў Рамашка скончыў Мінскую мастацкую вучэльню імя Глебава, жыве і працуе ў Гродне. Сябра Таварыства польскіх мастакоў на Беларусі. Сябра таварыства мастакоў і майстроў народнай творчасці “Гарадзенскі каларыт”. Удзельнік шматлікіх міжнародных пленэраў і выстаў на Беларусі і за яе межамі. | ||
Здымкі Яна Лялевіча і Майка Шыдэра