Памёр вядомы гарадзенскі мастак Зміцер Іваноўскі

|

Позна ўвечары 5 снежня памёр мастак Зміцер Іваноўскі. Прычынай смерці называюць праблемы з сэрцам.

Пахаванне адбудзецца заўтра, 7 снежня. У 9.30 імша ў касцёле Божай Міласэрнасці на Вішняўцы.


Пазнавальныя творы Іваноўскага на гістарычную ды сучасную грамадска-палітычную тэматыку нельга зблытаць з чым-небудзь іншым. “Ягоныя карціны станавіліся класікай як толькі з’яўляліся”, – кажа пра творчасць Зміцера журналіст Анджэй Пачобут.

Зміцер Іваноўскі ў сваёй гарадзенскай майстэрні, 2011

 

У жыцці мастака прайшло каля 60 персанальных выставаў, але самай важнай і хвалюючай ён называў выставу ў родных Гудзевічах. Апошнім часам Зміцер Іваноўскі ізноў жыў у вёсцы, дзе яму вельмі падабалася.

 

У сярэдзіне 2000-х мастака можна было сустрэць не толькі ў яго майстэрні (некалі яна змяшчалася ў добра вядомай зале на Будзёнага 48а), але і на мітынгах – ён удзельнічаў у пратэстах прадпрымальнікаў, за што неаднаразова трапляў на “суткі”.

Давыд Гарадзенскі намаляваны Зміцерам Іваноўскім

 

“Мастацтва – гэта маё жыццё, гэта ўсё для мяне. Я пераспрабаваў шмат у жыцці, працаваў і са скульптурай, і з графікай, але алейныя фарбы для мяне засталіся самым любімым сродкам самавыражэння. Чым больш я працую імі, тым больш разумею, колькі яшчэ не ведаю. Імі можна перадаць усё: настрой, пачуцці, тое, што бачыш і што адчуваеш. Тут тысячы магчымасцяў! І на шчасце, няма той мяжы, да якой можна было б дайсці і спыніцца”, – казаў пра сваю працу Зміцер Іваноўскі.

 

Зміцер Іваноўскі стаў адным з герояў праекта “Постаці” – з ім знялі цікавае відэаінтэр’вю.

 

На здымках мастак Іваноўскі ў сваёй гарадзенскай майстэрні ў 2011 г

Здымкі uzv-hrodna.blogspot.com