У новым годзе мяжу ў Кузніцы можна будзе прайсці пешкі

На арганізацыю ў Кузніцы асобнага калідора для пешаходаў Падляшскае ваяводства атрымала ад польскага МУС 900 тысяч злотых. Памежны пераход у Кузніцы будзе другім (пасля Белавежы) пешым пераходам на польска-беларускай мяжы і першым, які будзе мець практычнае значэнне. У Белавежы з беларускага боку нельга перамяшчацца пешкі, таму там такі пераход хоць і існуе, але не мае ніякага сэнсу, бо вядзе “ў нікуды”. Таму дагэтуль на ўсёй польскай усходняй мяжы ёсць толькі адзін рэальна дзейнічаючы пешы пункт пропуску – гэта на мяжы з украінай у Медыцы.

Так будзе выглядаць калідор для пешага руху ў Кузніцы

 

Падляшскае ваяводства імкнецца, каб на ўсіх існуючых пераходах быў магчымы пешы рух. Пунктам пропуску ў Полаўцаў пешаходы і раварысты змогуць скарыстацца ў 2015 годзе. У Баброўнікаў-Бераставіцы трэба збудаваць яшчэ адзін мост праз Свіслач для пешых і раварыстаў, таму там казаць нават пра прыкладны час немагчыма.

 

Паводле porteuropa.eu

Здымкі Падляшскага аддзялення Памежнай службы Польшчы