Помнік паўстанцам 1863 года з’явіўся ў Астравецкім раёне
“У гэтай работы шмат прачытанняў, – пракаментаваў скульптурную выяву яе аўтар Ігар Засімовіч. – У першую чаргу гэта, канечне, ушанаванне памяці тых, хто загінуў у паўстанні. Тым больш, што спрадвеку свой меч ваяры выкарыстоўвалі яшчэ і як крыж: на яго жагналіся, ім праводзілі загінулых у апошні шлях.
Па-другое, гэта нашая ўдзячнасць за адвагу, з якой нашыя продкі з косамі ў руках ішлі на царскія пушкі. Два крыжы, каталіцкі і праваслаўны, на рукаятцы мяча маюць агульную перакладзіну – гэта сімвал адзінства хрысціян нашай краіны, якія заўсёды разам – плячо да пляча – змагаліся за яе свабоду.
Надпіс на лязе мяча: “Каго любіш? – Беларусь! – То ўзаемна…” – гэта пароль, якім касіянеры абменьваліся паміж сабой”.
Меч, усталяваны на пагорку, стаўся маўклівым напамінам нашчадкам пра ўсіх, хто загінуў за Радзіму. Цяпер ідзе праца па стварэнні інфраструктуры, і ўжо праз некаторы час вёска Слабодка будзе радая вітаць як замежных турыстаў, так і беларусаў.
Паводле інфармацыі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”